Грамадзкі рэдактар “Свабоды” гэтага тыдня – прафэсар Алесь Астроўскі з Гародні.
Спадар Астроўскі – карэнны гарадзенец, яму 50 гадоў. Жанаты, мае пяцёра дзяцей. Доктар мэдыцынскіх навук. Прафэсар Алесь Астроўскі – аўтар шэрагу артыкулаў і кніг, прысьвечаных беларускай і сусьветнай грамадзка-палітычнай сытуацыі. Сёньня ён расказвае пра свае жыцьцёвыя й грамадзянскія арыенціры.
Аляксандар Уліцёнак: “Спадар Алесь, хто для вас клясык у літаратуры?”
Алесь Астроўскі: “Для пашырэньня майго сьветапогляду гіганцкую справу зрабіў Эрых Фром – вядомы філёзаф, сацыяпсыхоляг. Я яго стаўлю на парадак вышэй за Фрэйда”.
Уліцёнак: “Вы самі – аўтар некалькіх кніжак…”
Астроўскі: “Яны хутчэй паліталягічнага, ідэалягічнага пляну”.
Уліцёнак: “Што, на вашую думку, для беларусаў каштоўнасьць нумар адзін?”
Астроўскі: “Існаваньне самога беларускага народу, магчымасьць рэалізаваць сябе ў гістарычнай пэрспэктыве. Таму каштоўнасьцю нумар два зьяўляецца нашая ўласная дзяржава, безь якой немагчыма зьдзейсьніць папярэдняе”.
Уліцёнак: “Што найперш вы цэніце ў асобе?”
Астроўскі: “Чалавек на ніжэйшым узроўні – істота, якая адрозьніваецца ад жывёлы здольнасьцю да абстрактнага мысьленьня. Гэтую ўласьцівасьць мусяць мець усе людзі. А яшчэ ў іх павінны быць вышэйшыя маральныя якасьці й прынцыпы. Калі апошніх бракуе, то даруйце за рэзкасьць, гэта ўсё яшчэ жывёлы, якія імітуюць людзей”.
Уліцёнак: “Што хвалюе вас, як прафэсара мэдыцыны?”
Астроўскі: “Нас, лекараў, вельмі вучаць абавязкам перад хворымі. А як мы павінны ставіцца да ўсяго грамадзтва, да свайго народу, якія апынуліся ў хворым стане? Акрамя свайго прафэсійнага абавязку, трэба думаць таксама, як вылечыць грамадзтва? Грамадзкі арганізм? Чым я і займаюся досыць шмат апошнія гады”.
Уліцёнак: “Спадар Астроўскі, у вас пяцёра дзяцей. Маеце нейкі свой рэцэпт выхаваньня?”
Астроўскі: “Рэальныя ўмовы. Рэальная праца. Патрабаваньне праўдзівасьці: мець ты павінен табой заробленае. Будзь заўсёды сумленным, але – не дурным”.
Уліцёнак: “Скажыце калі ласка, лягчэй было займацца выхаваньнем дзяцей за саветамі ці цяпер?”
Астроўскі: “Бацькі заўсёды трапляюць у сытуацыю выбару: што дзіцёнку можна казаць пра сьвет, які ёсьць насамрэч, а што – нельга? І зараз становішча ў гэтым сэнсе не памянялася. Бацькі як аўтарытэты ў рамках існуючай інфармацыйна-псыхалягічнай сыстэмы цяперашняга грамадзтва хіба ці не на апошнім месцы. А яна, гэтая інфармпрастора, па сутнасьці дэструктыўная. За БССР мы выхоўвалі ва ўмовах няпраўды. А цяпер, у РБ, ва ўмовах нейкага распаду маральнага. Вельмі цяжка казаць дзіцяці, што тое ці гэта ня ёсьць нормай, калі ён бачыць тое паўсюль”.
Уліцёнак: “Ваш любімы афарызм?”
Астроўскі: “Крэда ўсіх Астроўскіх – ніколі не здавацца! Вось і ўсё… Ніколі не паддавацца! Ні ворагам, якія звонку знаходзяцца, ні шэпту, які бывае знутры”.