Сёньня беларускіу асьветнік і ўсясьветна вядомы навуковец Барыс Кіт атрымлівае з усяго сьвету віншаваньні з 98-ым днём нараджэньня.
У 1930 - 40-х гадах Барыс Кіт працаваў для беларускай адукацыі на роднай Наваградччыне і Віленшчные, ў Віленскай беларускай гімназіі быў выкладчыкам і дырэктарам. Ён дапамагаў атрымаць асьвету многім вясковым беларусам, ратаваў моладзь ад вывазу на прымусовыя працы ў час гітлераўскай акупацыі, калі ачольваў семінарыю і школу ў Паставах і Маладзечне.
Ад 1948 году Барыс Кіт жыў ў ЗША, ад 1950 году браў удзел у падрыхтоўцы першых амэрыканскіх касьмічных і ракетных сыстэмаў. Барыс Кіт першым разьлічыў прынцыпы выкарыстаньня вадароду як паліва для касьмічных ракет, ён – аўтар першага ў гісторыі навукі падручніка па ракетнай тэхніцы і ракетным паліве.
Прафэсар, доктар філязофіі у галіне матэматыкі, акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі і многіх іншых міжнародных і нацыянальных акадэмій і аб'яднаньняў, -- апошнія 35 гадоў Барыс Кіт жыве ў Франкфурце-на-Майне ў Нямеччыне. На свае юбілеі ён атрымлівае віншаваньні ад прэзыдэнта ЗША.
Здароўе
Размова з Барысам Кітом ў яго 98-мы дзень нараджэньня пачалася, натуральна, з пытаньня пра здароўе.
Барыс Уладзімеравіч Кіт адказаў: “Ня ёсьць маё здароўе цяпер вельмі добрае, але яшчэ нічога, хаджу. Але ўжо цяжка – такі ўзрост, ведаеце, вялікі ўжо, што нічога добрага спадзяваца ўжо, пэўна, ня можна”.
“Мне тэлефануюць з усяго сьвету”
Як вы адзначаеце свой 98-мы дзень нараджэньня?
“Спачатку я буду ўдзень у хаце, мне тэлефануюць звычайна, з усяго сьвету... Можа, ў гэтым годзе ня так шмат будзе, -- кажа Барыс Уладзімеравіч. -- А пазьней увечары пайду да сваёй спадарожніцы, -- Тамара зробіць такое маленькае сьвяткаваньне разам зь яе сям'ёй, і там я правяду свой час увечары.
Уся мая сям'я – дарослыя сыны, -- усе ў Амэрыцы, я тут адзін у Эўропе. Старэйшы сын, Уладзімер, працуе на высокай пасадзе ў НАСА (адзін з намесьнікаў міністра ў НАСА ў Вашынгтоне), я вельмі ганаруся ім, а малодшы, Віктар – высокакваліфікаваны хірург у Балціморы, таксама вельмі пасьпяховы.
Дзякаваць Богу, хаця мне давялося перажыць вельмі цяжкія мамэнты ў жыцьці, а ўсёж-такі я вельмі шчасьлівы, што дрэннае ўсё прайшло, і вось маю добрых дзяцей і добрыя дасягеньні ў жыцьці”.
Сакрэт посьпеху – цікавая праца і чыстае сумленьне
У чым сакрэт посьпеху, актыўнага доўгага плённага жыцьця, выхаваньня добрых дзяцей?
“Цяжка сказаць, які сакрэт, але шмат усяго, пэўна, уплывае, -- разважае Барыс Кіт. -- І прыродныя чыньнікі... І, можа, цяжкае жыцьцё – яно загортвае людзей заўсёды. І я быў вельмі шчасьлівы, што працаваў у інтэлектуальнай галіне, -- праца інтэлектуальная і цікавая ўплывае на здароўе чалавека.
І наагул, магу сказаць, што маё чыстае ёсьць сумленьне – я нічога дрэннага ніколі нікому не зрабіў у сваім жыцьці, а наадварот, спрычыніўся да ратаваньня жыцьця многіх людзей у Беларусі, асабліва ў цяжкія часы нямецкай акупацыі.
Мне пашчасьціла выйсьці з самых цяжкіх умоваў – пры нямецкай акупацыі я сядзеў у Глыбоцкай турме, за падозраньне ў сувязях з партызанамі. Амаль усіх такіх вязьняў расстрэльвалі, а мяне выратаваў ад сьмерці мой былы вучань Кастусь Касяк, які быў дапаможнікам камісара нямецкага ў Вялейцы, -- ён, як даведаўся, то зрабіў усё, каб мяне выпусьцілі.
Вось так і мяне ад сьмерці выратаваў мой вучань былы з Віленскай беларускай гімназіі. А Вільня – гэта прыгожая частка майго жыцьця, калі я працаваў там у беларускай гімназіі – дзесяць гадоў выкладчыкам і каля году дырэктарам, -- бо мы рабілі цудоўную справу: адраджалі Беларусь. Наш вялікі пісьменьнік Васіль Быкаў сказаў, што Віленская беларуская гімназія – калыска беларускага адраджэньня. І вось я ганаруся, што быў там выкладчкам і дырэктарам, у гэтай калысцы беларускага адраджэньня”.
“Трэба змагацца за лепшае”
Барыс Кіт сочыць за падзеямі ў Беларусі, ведае ўсе апошнія навіны на радзіме, і з пашанай гаворыць пра беларусаў, якія змагаюцца за лепшую будучыню для сваёй краіны:
“Шмат непрыемных рэчаў робіцца ў Беларусі – пішуць газэты пра гэта ўвесь час. Я чытаю тут эўрапейскія газэты, таксама польскую “Газэту выборчу”, там вельмі добра ўсё апісваюць. Паводле таго, што пішуць, так справы вельмі сумныя ў Беларусі.
Трэба заўсёды змагацца за лепшае, і добра, што беларусы, асабліва моладзь, змагаюцца, бо гэта паказвае, што беларусы -- жывы народ, які адстойвае сваю добрую волю”.
Барыс Кіт нарадзіўся 6 красавіка 1910 году ў Санкт-Пецярбурзе. Пасьля кастрычніцкага перавароту ягоны бацька перавёз сям'ю ў родную вёску Агароднікі Карэліцкага раёну. Калі Барысу Кіту было 10 гадоў, памерла яго маці. Вучыўся у Наваградскай гімназіі, закончыў Віленскі ўнівэрсытэт імя Стэфана Баторыя, выкладаў матэматыку і быў выкладчыкам і дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі, Наваградзкай гімназі, іншых школ на Віленшчыне. За беларускую дзейнасьць перасьледаваўся ўладамі Польшчы, СССР, нацысцкай Нямеччыны, сядзеў у турме гестапа. У 1948 годзе эміграваў у ЗША. Працаваў у розных кампаніях, ад 1950 году удзельнічаў у амэрыканскіх праектах падрыхтоўкі да палётаў ў космас, дасьледаваў касьмічныя праграмы СССР. Прафэсар, доктар філязофіі ў галіне матэматыкі, акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі, многіх іншых міжнародных і нацыянальных акадэмій і аб'яднаньняў. Мае двух сыноў. Апошні час жыве ў ФРГ.