Ці часта беларусы мяняюць прафэсію ў сталым узросьце?

Што трэба ведаць чалавеку, які вырашыў памяняць прафэсію?

Ува ўсім сьвеце гэта стала досыць звыклай практыкай – кожнае кадравае агенцтва асобна займаецца кансультаваньнем тых, хто адважыўся распачаць новую кар’еру. У беларускім грамадзтве людзі вельмі рэдка ідуць на такія важныя крокі...

Алена Пахомава, юрыст паводле адукацыі, упершыню ў жыцьці ўзяла скрыпку ў рукі, калі ёй было 20 гадоў. Скрыпка – інструмэнт занадта складаны, і лічыцца, што пачынаць на ім граць можна толькі ў раньнім дзяцінстве, пачынаць пазьней папросту няма сэнсу. Аднак Алена ўжо шосты год навучаецца ў сэктары пэдпрактыкі Менскай музычнай вучэльні й праз год рыхтуецца ў гэтую вучэльню паступаць. Чаму яна хоча прафэсійна вучыцца музыцы?

Алена: “Займацца проста для сябе – я мяркую, гэта не зусім закончаная мэта выходзіць. З прычыны таго, што я схільная да абібоцтва, хочацца давесьці гэтую справу да канца, каб нешта з гэтага атрымалася вартае. Ня проста пайграць сярод сяброў і перад сваякамі, а каб гэта мела свой характар і мэту ў будучыні”.

Алена ў 26 гадоў працуе юрыстам, яна мае мужа й маленькую дачку, але гэта ўсё адно не замінае ёй сур’ёзна займацца на скрыпцы. Яна спадзяецца, што стане сапраўдным прафэсіяналам і будзе граць у аркестры.

Камэнтуе псыхоляг Вольга Андрэева:

“Воля, мэтанакіраванасьць дазваляе людзям быць вельмі эфэктыўнымі й мець сур’ёзныя перавагі перад тымі людзьмі, якія пачалі сваю музычную кар’еру ў раньнім дзяцінстве і без уласнай матывацыі, пад ціскам бацькоў, а потым альбо кінулі, альбо вось так цягнуць лямку зь нянавісьцю да музыкі”.

Чалавек, які спраўдзіўся ў сваёй прафэсіі, звычайна пачуваецца шчасьлівым і мяняць яе не зьбіраецца. Калі ўсё ж узьніклі нейкія сумневы наконт раней абранага шляху, то зь пераменамі варта сьпяшацца, лічыць дырэктарка кадравага агенцтва Натальля Зотава. Прафэсію можна памяняць гадоў да 30, потым будзе позна – такі ейны прагматычны “погляд кадравіка”:

“Зьмена спэцыяльнасьці, асабліва ў сталым веку, сьведчыць пра фіяска ў абранай прафэсіі. Гэта ўжо лузэр, няўдачнік для мяне як для кадравіка, як для рэкрутэра. Гэты факт для мяне заўсёды паказальны – чалавек ня зьдзейсьніўся ў сваёй прафэсіі й хоча гады жыцьця закапаць у жвір, перайсьці на іншую спэцыяльнасьць. Я ягоныя шанцы на посьпех ацэньваю нізка”.

У магчымасьць новай кар’еры для такіх людзей спадарыня Зотава ня верыць. Дрэнны бухгальтар наўрад ці стане добрым дызайнэрам, асабліва калі надумаў мяняць прафэсію гадоў у 40:

“Бывае, паступаюць рэзюмэ і я сустракаюся зь людзьмі. Калі я бачу, што чалавек, напрыклад, быў бухгальтарам, а потым перайшоў у мэнэджары па продажах. Тры гады папрацаваў прадаўцом і вось шукае працу. Дык вось сярод іх я не сустракала ніводнай “зорачкі”. Я ўжо стала не сустракацца з такімі людзьмі, не губляць свайго часу на гутарку, бо звычайна я не знаходжу сярод іх людзей зь нейкім унутраным моцным патэнцыялам і з высокім узроўнем прафэсіяналізму”.

Тым, хто ўсё ж гатовы рызыкнуць і зьмяніць прафэсію, Натальля Зотава раіць абіраць сумежныя спэцыяльнасьці. Так, навасьпечаны юрыст, які выдатна ведае бухгальтарскую справу, будзе высока цаніцца, калі зоймецца юрыдычным кансультаваньнем фірмаў.

Псыхоляг Вольга Андрэева лічыць, што калі чалавек адчувае незадаволенасьць сваёй прафэсіяй, то яе трэба мяняць у любым выпадку і ў любым узросьце. Чалавек павінен быць верны сабе ў кожным разе, мяркуе псыхоляг. Але варта зразумець, чаго ты хочаш – грошай ці занятку для душы:

“Калі чалавек мае сродкі для існаваньня ці ягоныя патрэбы ня дужа высокія, то ён можа рабіць нешта для душы. Ён можа сабе гэта дазволіць. Калі чалавек ня можа сабе гэтага дазволіць, яму трэба, напрыклад, карміць дзяцей ці ён прэтэндуе на дастаткова высокі ўзровень жыцьця, ён павінен навучыцца выкарыстоўваць свае здольнасьці там, дзе гэта будзе добра аплачвацца”.

Былы міністар працы, эканаміст Аляксандар Сасноў мяркуе, што, калі чалавек у сталым веку выявіў выключныя здольнасьці да іншай прафэсіі, ён знойдзе сваё месца пад сонцам у любых эканамічных рэаліях, нават у кансэрватыўнай Беларусі:

“Калі гэта сапраўдныя здольнасьці і ён гэта даказаў, ён зрабіў нешта – тады гэта добра, гэта нармальна. А эканоміка ніяк не паўплывае на тое, што чалавек знайшоў сябе. Няважна, можа ён у Афрыцы, можа ён з племені ням-ням, але ён у сабе знайшоў нешта такое, што астатнія людзі гэта прызналі. Таму неістотна, Беларусь гэта, Злучаныя Штаты ці Парагвай”.