Пяць грамадзкіх дзеячаў Беларусі зьвярнуліся да дзеючага прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і абранага на гэтую пасаду Дзмітрыя Мядзьведзева ў справе вызваленьня Аляксандра Казуліна.
Зварот падпісалі Вольга Казуліна, Сьвятлана Калінкіна, Аляксей Кароль, Ігар Рынкевіч і Сяргей Скрабец. У сваім лісьце да кіраўнікоў Расеі яны заклікаюць паспрыяць тэрміноваму вызваленьню з калёніі былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна.
4 красавіка ў амбасадзе Расеі ў Беларусі Ігар Рынкевіч і Сяргей Скрабец перадалі тэкст звароту дарадцу амбасадара Ўладзіміру Паўленку.
“Нам было сказана, што нас прымаюць па даручэньні самога спадара амбасадара. Мы пачулі ад расейскіх дыпляматаў меркаваньне, што “пакараньне Аляксандру Казуліну было неадэкватным”. Лічу, цяпер можна казаць пра адкрыцьцё другога, усходняга фронту ў змаганьні за вызваленьне Аляксандра Казуліна”, — сказаў былы адвакат палітыка Ігар Рынкевіч.