Як вы ставіцеся да таго, што Грузія і Ўкраіна імкнуцца ўступіць у НАТО? На гэтае пытаньне адказваюць жыхары Гомеля.
Спадар: “Я, канечне, супраць, што яны ўступаюць у НАТО. Амэрыканцы зноў залезуць сюды. Грузія ўступіць, Украіна. Навошта гэта? Як быў саюз, дык і няхай застаецца. Украіна нам дарагая? Дарагая! Грузія дарагая? Дарагая! Там столькі беларусаў жыве. Навошта ў НАТО лезьці?! Калі яны там абяцаюць залатыя горы, то давайце і мы ва Ўкраіну паедзем”.
Спадарыня: “Украіна дакладна ня выжыве ў НАТО. Сто працэнтаў!”
Спадар: “Гэта крок Украіны. Яны павінны самі выбіраць, як ім разьвівацца. Жыць, як мы, беларусы, ці як заходнія краіны. Мы да іх будзем ставіцца па-ранейшаму, бо ўкраінцы — народ славянскі, сяброўскі. Калі яны так хочуць, няхай уступаюць”.
Спадар: “Я ня ведаю, як гэта пракамэнтаваць. Трэба пачытаць літаратуру”.
Спадар: “Я — супраць. НАТО — гэта вайна. Пад бокам будзе праціўнік”.
Спадар: “У НАТО ж ЗША верхаводзяць. Грузія калі ўвойдзе ў гэты блёк, яна павінна будзе накіроўваць сваіх салдат на ваенныя дзеяньні. І мірныя жыхары Ўкраіны будуць вымушаныя адпраўляць сваіх сыноў на ваенныя канфлікты. А гэта ахвяры. Яшчэ можа здарыцца так, што ва Ўкраіне расставяць супрацьракетную абарону, вайсковыя базы”.
Спадар: “НАТО дасьць ім сухароў паесьці! Хіба Амэрыка дала каму добрае жыцьцё?! Лапцюжнікам там няма чаго рабіць. Іх ніхто туды ня возьме”.
Спадар: “Я сам украінец са Львову. Я супраць таго, каб Украіна ўступала ў НАТО”.
Спадарыня: “Аргумэнтаваць цяжка. Адмоўна ўсё ў навінах асьвятляецца. Пэўна, са СМІ такое стаўленьне склалася”.
Спадар: “Гэта неразумна зь іхняга боку. Столькі гадоў пражылі разам, і цяпер ворагі атрымаюцца? Супраць каго мы зброю рыхтуем? Я маю на ўвазе Беларусь і Расею. Прыбалтыка ўжо там, Польшча — таксама. Хутка Ўкраіна ўступіць у НАТО. Кругом Беларусь аблажылі. Неяк неспакойна”.
Спадар: “Усе імкнуцца разьвівацца. Адны — за кошт Захаду, іншыя — пры дапамозе каго-небудзь яшчэ”.
Спадарыня: “Гэта, канечне, іхнія справы — Грузіі і Ўкраіны”.
Спадар: “Я з гэтым згодзен. Яны павінны самі выбіраць. Гэта іхняе права. Стаўленьне да Грузіі і Ўкраіны будзе, на мой погляд, такое, як і да ўсіх астатніх. Яны, як і ўсе іншыя краіны, маюць поўнае права ўступаць у НАТО. Яны ў НАТО захацелі — гэта іх права”.