Удзельнічае гісторык Ірына Кашталян Эфір 3 красавіка 2007 году
“Прычынай звальненьня ўчастковага ўпаўнаважанага Плешчаніцкага РА МУС Фарафонава з падачы праверкі сьледчых органаў Менскай вобласьці ў сярэдзіне 1948 году сталі жаніцьба ўвесну 1947-га з Бурак Л.С., якая ў 1931 годзе была выслана разам з бацькамі ў Сьвярдлоўскую вобласьць, а таксама сужыцельства з Рагач С., муж якой у пэрыяд нямецкай акупацыі працаваў мэханікам МТС, дабраахвотна выяжджаў у Нямеччыну і вярнуўся ў Плешчаніцкі раён паводле рэпатрыяцыі...
Міністар дзяржбясьпекі БССР Л.Цанава зьвяртаў увагу сакратара ЦК КП(б)Б М.І. Гусарава на тое, што І.Ветраў, пракурор БССР, дыскрэдытаваў сябе тым, што меў двух жонак, пра што было шырока вядома. Паведамлялася, што першая жонка праз Л.Цанаву спрабавала паўзьдзейнічаць на мужа. Той яе не прыняў, а паведаміў сытуацыю другому сакратару ЦК КП(б)Б К. Кісялёву. Сьцьвярждалася, што няўстойлівасьць І. Ветрава як камуніста пацьвярджала тое, што ён зьбег зь Менску ў першыя дні вайны і кінуў дакумэнты і справаводзтва пракуратуры БССР, якія пасьля перамогі былі знойдзены ў адным з будынкаў у Бэрліне. Пра маральна-бытавое разлажэньне І. Ветраў быў папярэджаны ЦК КП(б)Б яшчэ ў 1943 годзе...
З дакумэнтаў Асобага сэктару ЦК КПБ. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь.
Вячаслаў Ракіцкі: “З працытаваных дакумэнтаў выглядае, што службоўцы былі пад пільным вокам дзяржавы ці партыйных органаў. Ці сапраўды існаваў татальны кантроль над грамадзянамі БССР, або гэта тычылася толькі пэўных катэгорыяў чыноўнікаў?”
Ірына Кашталян: “Уладзе было выгадна ўмешвацца ў асабістае жыцьцё сваіх грамадзянаў. Сям’ю як ячэйку грамадзтва было прасьцей кантраляваць, таму дзяржава рабіла разнастайныя захады для таго, каб умацаваць яе і зрабіць немагчымым для звычайнага грамадзяніна жыць па-за нормай. Асабліва ўважліва сачылі за біяграфіямі адказных асобаў, з кім яны мелі блізкія адносіны ці бралі шлюб”.
Ракіцкі: “У тых дакумэнтах, зь якімі я пазнаёміўся ў часе падрыхтоўкі перадачы, мяне асабліва ўразіла канстатацыя фактаў шматжэнства. Наколькі распаўсюджаным яно было? І ў чым прычына?”
Кашталян: “Ніхто ня вёў статыстыкі, бо на пазашлюбныя сувязі зьвярталася мала ўвагі. Як правіла, выкрывалі дваяжэнцаў, якія знаходзіліся на адказных пасадах, бо яны павінны былі зьяўляцца прыкладам у грамадзтве. Адказнасьць мужоў за дваяжэнства і сыход, як правіла, была ўмоўнай і не дапамагала аднаўленьню сем’яў. Участковы ўпаўнаважаны раённага аддзяленьня міліцыі Бягомльскага раёну Глазко, які знаходзіўся ў юрыдычным шлюбе і меў адно дзіця, выкарыстаў сваё службовае становішча і ўзяў другі шлюб з грамадзянкай Васюкевіч, аформіўшы яго рэгістрацыяй, тады як першы ня быў скасаваны. Яму далі дысцыплінарнае спагнаньне ў памеры 10 сутак за амаральныя паводзіны і прысваеньне канфіскаванага самагону.
Ракіцкі: “У чым прычына шматжэнства?”
На разьвіцьцё шматжэнства вялікі ўплыў зрабіла вайна
Кашталян: “На разьвіцьцё шматжэнства вялікі ўплыў зрабіла вайна. Эвакуацыя выклікала дадатковыя праблемы – прывязанасьць тых, хто зьехаў, да эвакуяванага прадпрыемства. Таксама тыя, хто застаўся ў адрыве ад сям’і, заводзілі новыя сем’і. Сярод іншых прычынаў – немагчымасьць жыць у адным населеным пункце, бо быў патрэбны дазвол на пражываньне, на перавод на іншае месца працы, каб злучыцца зь сям’ёй ці палепшыць жыльлёвыя ўмовы. гэта правакавала сыход мужчын зь сям’і з разводам ці безь яго. Жанчыны, абцяжараныя дзецьмі, як правіла, не маглі яшчэ раз выходзіць замуж. А адказнасьць за пакіданьне дзяцей без належнай падтрымкі была рэдкай. Неплацельшчыка алімэнтаў, які мог зьбегчы па-за межы рэспублікі, напрыклад, у зьвязку з працоўнай мабілізацыяй, адпаведныя ведамствы не імкнуліся нават шукаць”.
Ракіцкі: “Дзяржава імкнулася ўплываць на сямейнае жыцьцё. Навошта і якім чынам?”
Кашталян: “Удзел савецкіх уладаў у сямейных праблемах быў арыентаваны на ўмяшальніцтва з мэтай ідэалягічнага кантролю (вёўся пошук «ворагаў народу» і іх памагатых) і ўліку прыросту насельніцтва. Дзяржава забараніла аборты, халасьцякоў і маласямейных пачала абкладаць падаткамі”.
Ракіцкі: “Дзяржава разглядала сям’ю як адзін са сваіх інстытутаў. Ці прынялі людзі такі свой статус -- чальцоў дзяржаўнай ячэйкі?”
Кашталян: “Сямейныя праблемы былі, з аднаго боку, прыватнай сфэрай, але, з другога боку, часта тыя, хто скардзіўся, дзеля дасягненьня больш гарантаванага выніку, апэлявалі да вызначэньня сям’і як важнага інстытуту дзяржавы. Як правіла, прасілі дапамогі ў дзяржавы жанчыны, якія не маглі знайсьці іншага сродку ўплыву на зьбеглых мужоў і хацелі хаця б спагнаць алімэнты. У той жа час на зьбіцьцё жонак і дзяцей, нярэдкае у сем’ях, фактычна ня скардзіліся, хаця здараліся выключэньні. Так, опэрупаўнаважанаму Лепельскага раёну Багданаву за сыстэматычныя сямейныя сваркі і зьбіцьцё жонкі было “пастаўлена на від”, а па адміністратыўнай лініі ён быў пакараны 6 суткамі арышту. Былі скаргі ў партыю і ад мужчын. Напрыклад, на дырэктара інстытуту тэарэтычнай мэдыцыны Акадэміі навук БССР Баранавіцкага, які спакусіў жонку Сцепаненкі, яе муж паскардзіўся ў партбюро АН БССР”.
Ракіцкі: “Калі дзяржава брала сям’ю пад кантроль, пазбаўляла людзей недатыкальнасьці прыватнага (сямейнага) жыцьця, напэўна ж, дзяржава кампэнсавала людзям абмежаваньне свабоды ў нейкі матэрыяльны спосаб? Як найменей, дапамагала сем’ям выжыць?”
Кашталян: “Дапамога малазабясьпечаным слаям прадугледжвалася, але яе памер быў занадта малы, бо для ўлады важней было накіраваць сродкі на забесьпячэньне адбудовы прамысловасьці, выкананьне іншых звышплянаў. Індывідуальныя патрэбы маленькага чалавека ўлічваліся ў апошнюю чаргу. Заробкі ў большасьці былі мінімальныя – 250–300 рублёў, выжыць дапамагалі нізкія камунальныя выплаты і кошты на прадукты харчаваньня. Асноўны клопат па ўтрыманьні і захаваньні сям’і пры вялікіх стратах мужчынскага насельніцтва клаўся на плечы жанчынаў. Пры гэтым жанчынам, як правіла, прапаноўвалі нізкакваліфікаваную і нізкааплатную працу, а з малымі дзецьмі бралі неахвотна. Недахоп магчымасьцяў забесьпячэньня з боку дзяржавы паспрыяў абраньню людзьмі стратэгіі паводзінаў, зьнешне арыентаваных на выкананьне агульнапрынятых дзяржавай правілаў, з выкарыстаньнем самастойных, у тым ліку незаконных, шляхоў існаваньня. Гэта паказваюць найбольш характэрныя выпадкі злачынстваў зь міліцэйскіх справаздачаў – самагонаварэньне, спэкуляцыя, крадзяжы, справакаваныя пасьляваеннай галечай”.
Ракіцкі: “А дзеці? Савецкія ўлады заўсёды заяўлялі пра іх прыярытэт. Лёзунг існаваў: “усё лепшае – дзецям”. У якой ролі яны выступалі ў той ідэалягічнай мадэлі сям’і?”
Кашталян: “Хаця дзеці былі стратэгічна важнымі для пабудовы сьветлай будучыні камунізму, назіралася адсутнасьць дастатковага клопату пра дзяцей з боку дзяржавы, асабліва ў гарадох. Пры заахвочваньні шматдзетнасьці колькасьць прадуктаў па картках на дзяцей была недастатковай, каб вырасьціць іх здаровымі. Усе дзеці былі збольшага кепска апранутыя і ня мелі ўласнага абутку, бо на іх па нормах забесьпячэньня не было прадугледжана атрыманьне прамысловых тавараў. Працавала недастаткова садкоў – у 1945 годзе на 24 тысячы дзяцей, а ў 1953 годзе не нашмат болей – на 36,1 тысячы дзяцей. У 1950 годзе па БССР працаваў толькі 641 доктар-пэдыятар. Створаная дзяржаўная сыстэма дапамогі малазабясьпечаным дзецям была недастатковай, арыентаванай у першую чаргу на папярэджаньне злачыннасьці”.
Ракіцкі: “Як вырашалася супярэчнасьць, што дзяржава была зацікаўленая ў аднаўленьні колькасьці насельніцтва, а бацькам не было чым карміць дзяцей? Ці магла савецкая сям’я самастойна плянаваць колькасьць дзяцей?”
Кашталян: “Каб заахвоціць сваіх грамадзянаў да патрэбных ёй дзеяньняў, дзяржава рэгулярна выкарыстоўвала як фактар уплыву пагрозу рэпрэсіяў. У дадзеным выпадку такім стала забарона абортаў з 1936-га па 1955 год, якая істотна дапамагла павелічэньню колькасьці насельніцтва ў пасьляваеннай БССР. Ініцыятыва ўлады супала з традыцыйным (асабліва для вёскі) адмоўным стаўленьнем да гэтай апэрацыі, бо лічылі, што ў першую чаргу гэта разбэшчвае мужчын. Штучнае перапыненьне цяжарнасьці дапускалася ўладамі толькі ў выключных выпадках – паводле мэдыцынскіх паказаньняў, атрымаць дазвол зь іншых прычынаў было фактычна нерэальна. Пры гэтым чыноўнікі мала зважалі на тое, што такія абмежаваньні прыводзілі сем’і да галечы і значнага пагаршэньня адносінаў. Складанае пасьляваеннае становішча – вострая жыльлёвая праблема, цяжкая праца, няўстойлівыя сем’і, дэфіцыт самага неабходнага штурхалі жанчынаў на правядзеньне крымінальных абортаў, што пагражала турэмным зьняволеньнем бабкам-павітухам”.
Ракіцкі: “Жанчынаў судзілі ці штрафавалі за нелегальныя аборты?”
За аборт без дазволу выносілася грамадзкая вымова, а пры паўторным парушэньні закону – штраф да 300 рублёў
Ракіцкі: “Што адбывалася зь сям’ёй чалавека, які патрапляў у спісы ўлады як “варожы элемэнт”?”
Кашталян: “Фактычна, гэта надавала сям’і статус «выгнаных» ў грамадзтве. Нават дзеці станавіліся закладнікамі сытуацыі. Пошук праўды праз накіраваньне хадайніцтваў, скаргаў зацягваўся на гады, а прэзумпцыі невінаватасьці не існавала. Чальцы сям’і маглі абіраць розныя шляхі для выжываньня. Адмаўляліся ад сувязі з ворагам народу – разводзіліся, дзялілі маёмасьць. Хтосьці перабіраўся да сваякоў у іншыя вёскі, некаторыя беглі ў горад, дзе рабілі новыя дакумэнты, выракаючы сябе на жыцьцё ў масцы. Выкрыцьцё такіх асобаў акрамя органаў унутраных справаў на сябе бралі газэты, асобныя грамадзяне, якія нярэдка перасьледавалі свае прыватныя мэты, напрыклад, вызваліць плошчу ў камуналцы ці пасаду. Як адзін са спосабаў зьняць кляймо ўлады прапагандавалі адмаўленьне ад мінулага, але гэта не перашкаджала ў далейшым не прымаць дадзеных асобаў на працу ці на вучобу ў ВНУ”.
Ракіцкі: “Чаму большасьць з тых, чыя маладосьць праходзіла ў першае пасьляваеннае дзесяцігодзьдзе, зараз ідэалізуюць гэты цяжкі пэрыяд?”
Кашталян: “Гэта пытаньне хутчэй з галіны псыхалёгіі. Па-першае, бацькі юнакоў сталінскае пары, каб пазбавіць іх ад магчымых праблемаў, імкнуліся не паведамляць свае сумневы ў правільнасьці савецкай палітыкі і асаблівасьцей нэгатыўнага ўплыву яе на сям’ю. Моладзь, якую выхоўвала камуністычная прапагандысцкая машына, ня ведала праўды, а часам і не жадала верыць у іншае, скажона ўспрымала рэчаіснасьць праз прызму савецкіх ідэалаў, якія прапагандаваліся на усіх этапах станаўленьня асобы і прасоўваньня па кар’ернай лесьвіцы. Па-другое, час сьцер значную частку нэгатыўных успамінаў гэтых людзей, замяніўшы іх у тым ліку штучным пазытывам, навязаным савецкай прэсай. Вядома, што юнацтва запамінаецца на ўсё жыцьцё, як правіла, як самы шчасьлівы час, якім можа быць і не самы спрыяльны пэрыяд”.
Ракіцкі: “А што было б, калі ў Беларусі пасьля вайны мужчын ня стала значна менш і беларускае грамадзтва не прыйшло да свайго аднаўленьня пераважна на жаночых плячох?”
Кашталян: “Можна сьцьвярджаць, што вялікія страты мужчынскага складу ў вайне, якія прывялі да значнага гендэрнага дысбалянсу ў беларускім грамадзтве, істотна зьмянілі ролю жанчыны і мужчыны ў Беларусі. Жанчына ўзяла на сябе ролю здабытчыка, заступніка і захавальніцы сям’і і пры гэтым была ўдзячная мужчыну толькі за тое, што ён быў побач. Гэта прывяло да таго, што і цяпер нярэдка асноўная адказнасьць ў забесьпячэньні і абароне сям’і ўскладаецца пераважна на плечы жанчынаў, якія павінны працаваць і дома і на працы. А мужчыны дазваляюць сабе пэўную безадказнасьць праз ігнараваньне праблем уласных дзяцей, разбэшчанасьць і злоўжываньне алькагольнымі напоямі. Магчыма, калі б гісторыя склалася інакш, у гэтым пытаньні, у нас была б і іншая, лепшая палітычная сытуацыя”.