Віцебск: судзьдзя Жук перажыла 7 адводаў

Праваабаронца Павал Левінаў 7 разоў заяўляў адвод судзьдзю Першамайскага райсуду Віцебску Алене Жук, матывуючы гэта тым, што яна парушае ягоныя грамадзянскія правы і ігнаруе палажэньні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Але гэтыя адводы не былі прынятыя.

Паўлу Левінаву, якога судзяць нібыта за дробнае хуліганства і непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі, судзьдзя адмовіла ў тым, каб ягоным грмадзкім прадстаўніком у судзе быў родны брат Андрэй Левінаў.
Таксама праваабаронцу было адмоўлена ў перанясеньні судовага працэсу з тае прычыны, што дагэтуль не атрыманы адказ ад пракурора Віцебскай вобласьці, да якога спадар Левінаў зьвярнуўся з заявай аб спыненьні адміністрацыйнае справы.

Справа супраць яго была распачатая 27 сакавіка пасьля затрыманьня каля кватэры віцебскага незалежнага журналіста Вадзіма Баршчэўскага: праваабаронца хацеў прысутнічаць падчас ператрусу ў журналіста, але міліцыянты забралі яго ў пастарунак. На знак пратэсту супраць несправядлівага, на ягоны погляд, затрыманьня, Павал Левінаў распачаў галадоўку, якую трымае да гэтае пары.

Судовы працэс над Паўлам Левінавым распачаўся 28 сакавіка. Працяг суду мусіць адбыцца 21 красавіка.