Ці сапраўды існуе крызіс сярэдняга ўзросту, ці гэта міт? Ці сапраўды ахвярамі гэткага крызісу становяцца менавіта мужчыны?
Крызіс сярэдняга ўзросту – кажуць пра мужчыну, які раптам пачынае падводзіць вынікі жыцьця, самому сабе здаваць справу з жыцьцёвых дасягненьняў і надта крытычна ставіцца да сябе.
Тэрмін “крызіс сярэдняга ўзросту” быў прапанаваны ў 50-х гадох XX стагодзьдзя псыхолягам Дэніелам Лэвінсанам. Сутнасьць крызісу: чалавек дасягае пэўнага матэрыяльнага, грамадзкага, сямейнага статусу і раптам разумее, што рухацца далей – няма куды. Узрост, у якім гэта адбываецца. Лэвінсон акрэсьліваў на 40 – 50 гадоў.
Сёньня, як кажуць псыхолягі, вельмі часта з такім крызісам сутыкаюцца 20 – 30-гадовыя. Але праблема ня ў тым, што чалавек усяго дасягнуў, а ў тым, што ён не дасягнуў таго, чаго патрабуюць ад яго стэрэатыпы грамадзтва. Сваімі думкамі дзеліцца Кірыл, супрацоўнік аднаго зь менскіх банкаў:
“Гадоў з трыццаці неяк пачаў задумвацца... Раней мяне цалкам усё задавальняла – і наконт заўтрашняга дня неяк не задумляўся. А цяпер пачаў аналізаваць: сям’і няма – не абзавёўся. І стаў думаць, што прысьпеў час завесьці сур’ёзныя сталыя стасункі...”
Псыхоляг Жана Міцкевіч кажа, што з праблемай крызісу сярэдняга веку да яе зьвяртаюцца вельмі часта. Зазвычай мужчыны:
Жанчынам - лягчэй
“У жанчыны ёсьць іншая пэрспэктыва: жанчына хоча сям’і і дзяцей. Калі яна гэтага дасягнула, яна ў гэтым раствараецца. Калі сям’і-дзяцей няма, значыць, ёсьць іншы кірунак: добрая кар’ера...”
Да мужчыны патрабаваньні нашага грамадзтва больш высокія, кажа псыхоляг: яму надаюць сацыяльную ролю лідэра, якой трэба адпавядаць. І нейкая неадпаведнасьць вобразу героя, які ідзе жыцьцём зь перамогай і галівудзкай усьмешкай, успрымаецца як жыцьцёвы крах. Назіраньнямі дзеліцца Натальля, юрыстка з адукацыі:
“Я была шакаваная статыстыкай, прачытанай на news.ru – пра самагубствы ў сьвеце. Паводле яе, самая вялікая колькасьць самагубстваў – не сярод тынэйджараў у складаным падлеткавым узросьце, а сярод мужчынаў, якія перажываюць крызіс сярэдняга веку – ад 35 да 45 гадоў”.
На погляд псыхоляга, лягічны складнік пераацэнкі сябе выглядае гэтак:
“Няхай не палова, але пэўная вялікая, значная частка жыцьця пражытая. І таму вось паміж 30 – 40 гадамі пачынаецца гэтая вакханалія. Чалавек пачынае задумвацца і асэнсоўваць: якую частку жыцьця пражыў і што ім зроблена”.
Дзе тонка – там ірвецца
Крызіс сярэдняга ўзросту можа напаткаць і тых людзей, у каго з пункту гледжаньня стэрэатыпаў усё добра і жыцьцё поўнае матэрыяльных і духоўных каштоўнасьцяў. Але найперш ён прыходзіць сьледам за нейкімі праблемамі:
“Калі ня склалася жыцьцё ў сям’і... Ці калі бізнэс разваліўся, ці чалавек ня можа знайсьці працы, кватэры няма, дзеці ня цешаць, захварэў сам ці захварэў нехта ў сям’і – тады вось і прыходзіць гэты крызіс сярэдняга ўзросту”.
Мужчынскі рэквіем па маладосьці
Перажываць наступствы крызісу сярэдняга ўзросту прыходзіцца і тым людзям, што побач. Найперш – жанчыне, якая ідзе па жыцьці поплеч. Працягвае аповед 28-гадовая Натальля:
“Я гэта ўсё назірала збоку – знаходзячыся побач з мужчынам, які перажывае крызіс сярэдняга ўзросту. Гэта выглядае як рэквіем па маладосьці, якая сышла. Ёсьць стэрэатып, што жанчына, ад якой сыходзіць маладосьць, вельмі стараецца яе вярнуць – імкнецца клапаціцца пра свой выгляд, хавае маршчынкі. На мой погляд, для мужчыны, які дбае пра ўласны выгляд, усё значна складаней, страшней, чым для жанчыны. Жанчына, рана ці позна выканаўшы сваю сацыяльную ролю, супакойваецца. А ў дачыненьні да мужчыны гэта не працуе. Ён папросту хоча вярнуць маладосьць”.
Апроч глыбокіх псыхалягічных перадумоваў, у крызісе сярэдняга ўзросту шмат фактараў сацыяльных. Адпаведнасьць ці неадпаведнасьць каштоўнасьцям, у якіх выхоўвалі асобу, адыгрывае ролю цягам усяго жыцьця, кажа доктар сацыялягічных навук Тацяна Вадалаская:
“Пакаленьне шасьцідзясятнікаў. Яны жылі ў пэўную эпоху, аналізавалі яе і сфармулявалі нейкія стэрэатыпы паводзінаў і сыстэму каштоўнасьцяў. А потым прыйшла перабудова – зьява як быццам цалкам мэтазгодная і пазытыўная. Але! Зразумела стала, што тое, што яны сфармулявалі, у новую сытуацыю ніяк ня ўпісваецца. Яны ніяк ня могуць сябе рэалізаваць, таму што незразумела, як жыць у гэтай сытуацыі – сытуацыі новай”.
Выйсьце там, дзе пазытыў
Калі вам падаецца, што ўсё, што вы жылі раней, было дарма, то вам трэба вучыцца жыць па-новаму, раіць псыхоляг Жана Міцкевіч:
“Першае – гэта акцэнтаваць сваю ўвагу на тым, што ты ўсё ж маеш добрага. Напрыклад, што ў цябе ёсьць сябры, што да цябе хінуцца людзі, што ў цябе ёсьць маленькая хатка, але твая. Другое: асэнсаваць, што ў цябе наперадзе паўжыцьця. Ня за табою, а наперадзе. І ты – поўны сілы – можаш дасягнуць чаго заўгодна. Трэцяе: расставіць пэрспэктывы. Каб іх было ня 10 і ня 20, а знайсьці найперш адну-галоўную, якая найперш табе дапаможа ў будучыні. Бярэш яе за аснову – і дасягаеш яе”.
Але, падсумоўвае псыхоляг, калі вы адчуваеце сябе эмацыйна прыгнечаным, не спраўляецеся з праблемаю самаацэнкі, трэба абавязкова зьвярнуцца да спэцыяліста. І тады крызіс сярэдняга ўзросту станецца поўным росквітам сілаў, як казаў Карлсан.