Апытаньне на вуліцах Магілёва. Як ставяцца магілёўцы да таго, што Грузія і Украіна зьбіраюцца ўступаць у НАТО?
Спадар: “Я ня ведаю, ці хочацца ім гэтага. Калі хочацца, гэта іх права”.
Карэспандэнт: “Для нас, для беларусаў, ёсьць у гэтым небясьпека?”
Спадар: “Я ніяк ня бачу ні ад Прыбалтыкі, ні ад Польшчы пагроз. Тое ж самае і адтуль”.
Спадар сталага веку: “Мне здаецца, што добрага для іх там нічога ня будзе. Румынія ўступіла ў НАТО ды іншыя, але добрага для народаў нічога не зрабілася. Яны мяркуюць, што нечага на халяву ім дадуць. Абароняць нібыта ад Расеі. Калі Расея газу ня дасьць, дык НАТО Расею ледзь не пачне бамбаваць”.
Спадарыня: “Мне гэта не падабаецца. Там усё неяк чужое. Украіна неяк бліжэй і свая, ды адыходзіць. Крыўдна”.
Спадар: “Адмоўна. Бо гэтыя краіны не прызначаныя для НАТО. У іх свой мэнталітэт, свая культура. Нас і так на Захадзе ня любяць, што грузін, што беларусаў, што ўкраінцаў, што расейцаў. Мы праваслаўныя, яны каталікі. Узгадайце, што каталікі рабілі з праваслаўнымі ў даўнія часы. Мячом ды крыжам... сваю веру. Палітыка не зьмянілася”.
Спадарыня сталага веку: “Мы супраць усе ў сям’і. Неяк ня хочам. Нібыта і прэзыдэнт наш супраць. І мы ўсе, простыя людзі, таксама. Мне здаецца, яны ад нас так аддаляюцца зусім і неяк ужо і не свае становяцца. Нам, простым людзям, гэта не зусім прыемна”.
Спадар: “Наконт Грузіі нічога не магу сказаць. Гэта іхныя ўласныя справы. Яны неяк ад нас далей. А вось што да Ўкраіны, дык катэгарычна супраць. Я нарадзіўся ва Ўкраіне, у Варашылаўградзкай вобласьці. У дадзенай сытуацыі вайны ніхто рабіць не зьбіраецца, але паколькі я нарадзіўся ў Савецкім Саюзе, я лічу, што да пэўнай ступені гэта пагроза”.
Юнак: “Можа, на іх учынілі ціск і ў іх ужо не было іншага выбару. У мяне такі пункт погляду. НАТО цяпер набірае ваенную сілу, таму мне здаецца, што могуць узьнікнуць канфлікты”.
Спадар: “Славянскія мы ж усе народы, таму мая пазыцыя адмоўная наконт уступленьня гэтых краінаў у НАТО”.
Карэспандэнт: “Чаму? Толькі таму, што мы славянскія народы? Але Грузія...”
Спадар: “Тым ня менш мы хрысьціяне. Не падабаецца мне апошнім часам палітыка, якую праводзіць Захад, у тым ліку і разам з усім НАТО”.
Спадар сталага веку: “Як хочуць, гэта іх выбар”.