"Менск-Вашынгтон: колькі будзе 6+1?"

Адна з акцыяў пратэсту каля амбасады Беларусі ў ЗША ў 2007 годзе

Беларусь па-ранейшаму патрабуе скасаваньня санкцыяў, уведзеных Злучанымі Штатамі супраць канцэрну “Белнафтахім”.

Беларускі бок таксама настойвае на скарачэньні дыпляматычнага прадстаўніцтва ЗША ў краіне. Сёньня гэтую пазыцыю афіцыйнага Менску пацьвердзіў на брыфінгу прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Андрэй Папоў.

Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША сёньня выказаўся пра неадэкватнасьць дзеяньняў беларускага боку. Андрэй Папоў паведаміў, што пра гэтыя выказваньні ў міністэрстве ўжо ведаюць.

“Мы зьвярнулі ўвагу на тое, што дадзены дакумэнт утрымлівае цэлы шэраг выказваньняў, якія ў прынцыпе мала стасуюцца з цывілізаванай дыпляматычнай практыкай. Але няхай гэта застанецца на сумленьні аўтараў. З гэтай прычыны згаданы дакумэнт мы да дзюраў не зачытвалі.

Што ж тычыцца неадэкватнасьці нашых дзеяньняў, дык хачу яшчэ раз падкрэсьліць першае і самае галоўнае — дзеяньні Рэспублікі Беларусь носяць характар адказу, і яны цалкам адэкватныя Венскай канвэнцыі аб дыпляматычных стасунках. А вось амэрыканскі бок, уводзячы санкцыі, парушыў усе магчымыя і немагчымыя міжнародныя нормы і правілы, пачынаючы ад рэзалюцыі Генэральнай асамблеі ААН і заканчваючы непасрэднымі двухбаковымі дамоўленасьцямі паміж Рэспублікай Беларусь і ЗША”.

Палітоляг Віталь Сіліцкі зьвяртае ўвагу на тое, што беларускія ўлады вельмі жорстка паводзяць сябе датычна Злучаных Штатаў, нават ня згадваюць пра магчымасьць нейкіх кампрамісаў. На ягоную думку, такія паводзіны трэба разглядаць найперш як сыгнал для Эўропы. Беларусь паказвае эўрапейскім краінам — ня ўводзьце санкцыі сьледам за амэрыканцамі, лічыць палітоляг:

“У першую чаргу гэта скіравана на Эўропу. Гэта такія ўзорна-паказальныя захады для Эўропы — вы там і ня думайце ўводзіць свае
У першую чаргу гэта скіравана на Эўропу
санкцыі”.

Вуснамі намесьніка міністра замежных справаў Беларусі Віктара Гайсёнка беларускі бок абвясьціў пра патрабаваньне мець парытэтную колькасьць дыпляматаў паводле формулы “1+6”. Гэта азначае, што Менск прапануе, каб акрамя амбасадараў, працавалі яшчэ па шэсьць дыпляматаў. Падобна, што гэтая лічба зьявілася невыпадкова. Якраз гэтулькі дыпляматаў прадстаўлялі Беларусь у Вашынгтоне яшчэ ў 1994 годзе, калі амбасадай кіраваў цяперашні міністар замежных справаў Сяргей Мартынаў.

Між тым беларускія дыпляматы знаходзяцца ў Злучаных Штатах Амэрыкі ня толькі ў амбасадзе. Яны працуюць і ў сталым прадстаўніцтве Беларусі пры ААН у Нью-Ёрку. Ці закране скарачэньне іх таксама, пацікавіўся я ў прэсавага сакратара МЗС. Адказ спадара Папова прагучаў так:

“Мы можам толькі пацьвердзіць, што прапановы, пра якія мы казалі некалькі дзён раней, перададзеныя амэрыканскаму боку. Там сапраўды ўтрымліваюцца і колькасныя парамэтры, і тэрміны. Што тычыцца канкрэтыкі ў гэтых прапановах, дык яны зьяўляюцца прадметам двухбаковага разгляду. І мы не хацелі б разглядаць іх публічна”.

Палітоляг Аляксандар Лагвінец лічыць, што беларускі бок нездарма пазьбягае тут канкрэтыкі:

“Беларускія ўлады ня хочуць пашыраць гэтае пытаньне, каб не паказваць найперш беларускай грамадзкасьці, што беларускіх дыпляматаў у Амэрыцы больш, чым прадугледжвае формула “1+6”.