Сёньня на паседжаньні аргкамітэту “Чарнобыльскага шляху-2008” зацьверджаны маршрут акцыі — ад пляцоўкі ля Акадэміі навук да плошчы Незалежнасьці
Сябра аргкамітэту Віктар Карнеенка патлумачыў, што сёлета ўдзельнікі шэсьця 26 красавіка вырашылі паўтарыць маршрут першага “Чарнобыльскага шляху”.
“Гэта сымбалічна. Я памятаю тыя 89—90 гады, калі супраць наступстваў чарнобыльскай аварыі выступалі разам усе беларусы. Былі прыняты дастаткова добрыя законы ў справе мінімізацыі наступстваў, - кажа В.Карнеенка. Мы павінны ўзгадаць тыя канструктыўныя часы і зноў вярнуцца да гэтага. Таму нашая прапанова да ўлады: мы гатовыя на сябе ўзяць адказнасьць, што гэта ня будзе канфрантацыйнае мерапрыемства”.
“Улада павінна гаварыць людзям праўду і народ мусіць браць удзел у прыняцьці рашэньняў. Мы лічым неабходным гаварыць пра бядотны стан мэдыцыны, якая ня ў стане ратаваць людзей, пра адмену сацыяльных гарантыяў, - заявіў сябра аргкамітэту Вінцук Вячорка.
Ён дадаў: “Калі ў Беларусі плянуецца будаўніцтва атамнай станцыі паводле расейскіх тэхналёгіяў і на расейскім ядзерным паліве, то гэта не дывэрсыфікацыя, а, наадварот, яшчэ жарстчэйшае зацягваньне расейскай энэргетычнай пятлі на нашай шыі”.