“Палешукі прагнуць паўтарэньня ўкраінскага сцэнару”

Грамадзкі рэдактар тыдня – палітык і праваабаронца Людміла Гразнова.

Нядаўна яна пабывала ў паўднёвых раёнах Гомельшчыны і сёньня расказвае журналісту Аляксандру Уліцёнку пра тое, як у палескай глыбінцы ўспрымаюць эканамічныя рэаліі.

Гразнова
: “…Першае пытаньне да нашай групы паўсюль было адно: чаму так імкліва падымаюцца цэны? Пытаюцца, бо параўноўваюць з украінскімі цэньнікамі. Жыхары памежжа мусяць часьцей езьдзіць туды і купляць усё неабходнае ўлучна з прадуктамі харчаваньня. Бо там таньней! Людзі не разумеюць беларускай эканамічнай палітыкі…”

Уліцёнак: “І як Вы характарызавалі народу працу вэртыкалі?”

Гразнова: “Найбольш прыбытковыя галіны манапалізаваныя, усё лепшае ў руках блізкіх да прэзыдэнта людзей… Як сьледзтва – адсутнасьць канкурэнцыі ў вытворцаў і гандляроў. У выніку маем адсутнасьць нармальных цэнаў. Казала і пра другі важны складнік – фінансаваньне бясконцых пампезных навабудаў”.

Уліцёнак: “А як глыбінка ставіцца да плянуемых і ўжо збудаваных супэргмахаў ды палацаў?”

Гразнова: “Абсалютна ніякага пазытыўнага стаўленьня. Кажуць: “Нам бы лепш лякарню, нам бы лепш таннае жытло!”

Уліцёнак: “Ну а Вашая ацэнка – кандыдата эканамічных навук, вядомага палітыка?”

Гразнова: “Беларусі трэба капіяваць досьвед палякаў, чэхаў і ў нейкім сэнсе ўжо нават украінцаў – тут ня варта вынаходзіць кола. Найперш дайце канкурэнцыю, дайце магчымасьць зарабляць у малым бізнэсе, не душыце вы шарагоўцаў, не кантралюйце кожны іхны крок!”

Уліцёнак: “А ці ня чулі Вы ад людзей такую думку, калі размова заходзіла пра перамены: як улада раптам зьменіцца, дык нешта абавязкова абваліцца і парушыцца тая стабільнасьць да якой яны памалу-паціху прызвычаіліся, нават з усімі відавочнымі агаворкамі?”

Гразнова
: “Гэта я чула некалькі гадоў таму, калі ішоў уздым за конт эканамічнай расейскай дапамогі. Зараз жа людзі адчуваюць толькі зьніжэньне эканамічнага ўзроўню”.

Уліцёнак: “Дык што – рэформаў яны не баяцца?”

Гразнова: “Не! Асабліва паўднёвыя рэгіёны, якія знаёмыя не па чутках з досьведам эканамічнага рэфармаваньня Ўкраіны і нават Расеі. Тое яны праецыруюць на сябе. І калі раней глядзелі на тых самых палякаў з чэхамі, ня кажучы пра заходнеэўрапейцаў як на людзей зь іншай плянэты, дык цяпер іх пераконвае досьвед сваіх “браткоў-славянаў”: можна і трэба жыць па-іншаму, жыць лепш. Людзі адчуваюць неабходнасьць ісьці на рэформы. Яны кажуць: гэта ня страшна, гэта нармалёва, бо дае толькі прыбытак і адчуваньне ўласнай годнасьці”.