Валеры і Зоя Анікейчыкі злавілі на рацэ Прыпяць пад Туравам вялізнага сома – вагой у 38 кіляграмаў, у даўжыню 1 мэтар 80 сантымэтраў. Злавілі яго ў выходныя, да 1 красавіка, калі пачалі дзейнічаць абмежаваньні на аматарскае рыбалоўства ў зьвязку зь нераставаньнем рыбы.
Рыбак Валеры Анікейчык у свае 48 гадоў ня тое што злавіў, а й пабачыў такое ўпершыню. Наогул, сом – гэта летняя рыбіна, а вада ў рацэ была каля двух градусаў. Таму нечакана, што сом так рана прачнуўся. Спадар Валеры вудзіў рыбу разам з жонкай Зояй на лодцы, на тролінг. Сом клюнуў недзе а трэцяй гадзіне дня. Здалося спачатку, што гэта невялікі судачок і таму падрыхтавалі падсак.
Спадар Валеры апавёў:
“Давай мы за ім плаваць. Куды ён, туды і мы. Проста цягне і цягне, як трактар. І крыху да берагу падышоў, удалося ад дна адарваць, каб хоць паглядзець. Ну, такі велічынёй з лодку, як усплыў. Які там падсак, ён яму на галаву не адзенецца!”
Жонка спадара Валеры Зоя зматала свой сьпінінг:
Дзесьці мы езьдзілі па Прыпяці за нашым сомам каля гадзіны
Спадар Валеры сказаў, каб жонка брала сома рукамі з носу лодкі. Хвілінаў 20 спрабавалі намацаць за што яго ўхапіць.
“І ён вадзіў, вадзіў вакол лодкі, каб узяць яго рукамі пад жабры. Муж, пэўна, разоў восем падводзіў яго да мяне. Былі моманты, калі я яго толькі пасьпявала пагладзіць па галаве. І ён зноў сыходзіў пад лодку.
Я ўжо апынулася на дне лодкі, а сом на мне зьверху
Спадар Валеры дадае, што, мабыць, дапамагло тое, што і ён, і жонка вырасьлі на Прыпяці, зь дзяцінства вудзілі рыбу.
“Кажа, не магу, не хапае сіл цягнуць, такі здаровы. Ну тут ужо я і яе за шыварат пацягнуў, і там гэты сом пайшоў праз борт лодкі цягнуцца. Здаваўся бясконцы, мэтар 80 даўжыня. На ўсю лодку. Ну, і хутчэй на яго пападалі, каб ня выскачыў, не пачаў буяніць. Атрымалася, жонка зьнізу ляжыць, на ёй гэты сом, нагамі яго абхапіла, рукамі. Я яго за жабры, за нос прытрымліваў адной рукой. І хутчэй на маторы да берагу, пакуль скакаць не пачаў. За такой рыбінай паляваў некалькі гадоў і не атрымлівалася. А тут...”