Супрацьлеглыя меркаваньні двух амэрыканскіх аналітыкаў.
Дасьледчыца Амэрыканскага Інстытуту прадпрымальніцтва Іда Гарыбальдзі кажа, што НАТО павінна бараніць Эўропу ад энэргетычнай залежнасьці ад Расеі, а дырэктар расейскіх і эўразійскіх праграм Цэнтру стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў Эндру Кучынс перакананы, што – не, не павінна.
Іда Гарыбальдзі лічыць, што ў апошнія гады Расея праводзіць агрэсіўную газавую палітыку ў Эўропе і што яна зьвязвае свой палітычны і эканамічны ўплыў з прыроднымі рэсурсамі. На думку Гарыбальдзі, ціск на Беларусь і Ўкраіну ў апошнія два гады і перабоі з пастаўкамі энэргіі ў Эўропу з-за гэтых канфліктаў паказваюць, што эўрапейская энэргетычная бясьпека зьяўляецца сур’ёзным выклікам для НАТО.
На думку дасьледчыцы Амэрыканскага Інстытуту прадпрымальніцтва, лёгка ўявіць сабе сытуацыю, калі Масква паставіць любога члена Эўразьвязу перад выбарам паміж доўгатэрміновымі пастаўкамі энэргіі і падтрымкай пэўнай амэрыканскай палітыкі. Ужо сёньня Эўразьвяз атрымлівае з Расеі каля 30 працэнтаў ад усіх сваіх патрэбаў у газе і каля 45 працэнтаў ад сваіх патрэбаў у нафце.
Іда Гарыбальдзі далучаецца да меркаваньня вядомага амэрыканскага сэнатара Рычарда Лугара, які прапанаваў разглядаць маніпуляцыю пастаўкамі энэргіі і яе выкарыстаньне ў якасьці зброі як стартавую пазыцыю для прымяненьня 5-га артыкулу Паўночнаатлянтычнага пагадненьня. Гэты артыкул прадугледжвае, што напад на аднаго члена НАТО ёсьць нападам на ўсіх членаў альянсу. Такая зьмена пазыцыі працавала б як застрашваньне супраць агрэсіўных паводзінаў.
Таксама Іда Гарыбальдзі згадвае расейскі праект газаправоду па дне Чорнага мора – так званы “Паўднёвы паток”. На думку аналітыка, Украіна і Румынія павінны запатрабаваць экалягічнай экспэртызы гэтага праекту.
Іншы аналітык, экспэрт Цэнтру стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў Эндру Кучынс катэгарычна ня згодны з Ідай Гарыбальдзі. Ён лічыць, што прыцягненьне НАТО да забесьпячэньня энэргетычнай бясьпекі Эўропы адцягне альянс ад іншых, вельмі важных праблемаў.
Кучынс ня згодны з тым, што ў выпадку Беларусі і Ўкраіны Расея выкарыстоўвала энэрганосьбіты як энэргетычную зброю, бо апошнім часам яна падвышае кошты для ўсіх спыжыўцоў, у тым ліку і для ўнутраных.
Кучынс сьцьвярджае, што пастаўкі энэрганосьбітаў у Эўропу зь нерасейскіх крыніцаў растуць хуткімі тэмпамі, і гэты рост захаваецца да 2020 году. Хутчэй за ўсё, кажа аналітык, залежнасьць Эўропы ад Расеі ў прыродным газе захаваецца на ўзроўні 25 працэнтаў.
Эндру Кучынс лічыць, што калі эўрапейцы сапраўды хочуць зьменшыць сваю залежнасьць ад Расеі ў галіне энэрганосьбітаў, то яны павінны зрабіць свабоднымі эўрапейскія рынкі энэргіі і разьвіваць інфраструктуру так, каб зрабіць магчымым хуткія пастаўкі з захаду Эўропы на яе Ўсход, гэта значыць, да тых краінаў, якія найбольш залежаць ад Расеі.
Эндру Кучынс кажа, што ў НАТО і так ёсьць шмат неадкладных праблемаў. Напрыклад, калі альянс пацерпіць няўдачу ў Аўганістане, дык акажацца перад пытаньнем сэнсу свайго існаваньня і сваёй будучыні – а гэта нашмат больш важна, чым развагі аб энэргетычнай бясьпецы.