Насупраць будынку расейскай амбасады а 5-й вечара сабраліся каля 10 моладзевых актывістаў, у асноўным – прадстаўнікоў руху "Джынс за свабоду".
Яны прынесьлі з сабой бел-чырвона-белы сьцяг і расьцяжку, на якой было напісана: "Расеі – не, Эўропе – так". Такім чынам маладыя людзі хацелі адзначыць дзень, які пазначаны ў календары як афіцыйнае сьвята – Дзень яднаньня беларускага і расейскага народаў.
Ахоўнік, які заўважыў групу маладых людзей, выклікаў міліцыянтаў, і на трох машынах тыя прыехалі да будынку амбасады. У адной з машынаў міліцыянты мелі з сабой зброю. Яны схапілі двух дзяўчат, Паліну Кур'яновіч і Паліну Дзьякову, астатнім удалося адысьці на вуліцу Багдановіча. Магчыма, дзяўчат могуць абвінаваціць у дробным хуліганстве, як звычайна было дагэтуль у час такіх пікетаў.
Маладыя людзі паведамілі, што яны спадзяваліся на нейкія праявы разуменьня свабоды выказваньня і сходаў з боку расейскай амбасады, але на жаль усё адбылося так, як і ў ранейшыя гады.