У Бухарэсьце пачынаецца саміт НАТО


За некалькі гадзінаў да пачатку саміту прэзыдэнт ЗША Джордж Буш выступіў у Бухарэсьце з прамовай, у якой акрэсьліў пазыцыю сваёй краіны па ключавых пытаньнях міжнароднай бясьпекі.

Прэзыдэнт ЗША засяродзіўся на трох пытаньнях: прыняцьце пляну дзеяньняў па далучэньні да НАТО для Грузіі і Ўкраіны, разгортваньне элемэнтаў сыстэмы супрацьракетнай абароны ў Эўропе і павялічэньне вайсковага кантынгенту НАТО ў Аўганістане. Ён заявіў:

“Тут у Бухарэсьце мы павінны даць ясна зразумець, што НАТО вітае намеры Грузіі і Ўкраіны далучыцца да НАТО і прапанаваць ім ясны шлях дасягненьня гэтай мэты. Пазыцыя маёй краіны ясная: НАТО павінна прапанаваць Грузіі і Ўкраіне Пляны дзеяньняў па дасягненьні сяброўства”.

Пра гэта ж амэрыканскі лідэр казаў учора ў Кіеве. Сёньня ён падкрэсьліў, што НАТО павінна быць адкрытым для ўсіх эўрапейскіх нацый, незалежна ад пярэчаньняў Расеі.

Намеры Кіеву і Тбілісі далучыцца да НАТО выклікаюць надзвычай нэгатыўную рэакцыю Масквы. Два дні таму кіраўнік расейскага МЗС Сяргей Лаўроў казаў пра “бессаромныя” памкненьні Грузіі і Ўкраіны. Сёньня, выступаючы ў Дзяржаўнай думе, ён зьвярнуўся з жорсткім папярэджаньнем да Грузіі.

Лаўроў: “Абсалютна недапушчальная магчымая спроба Грузіі ўжыць сілу для вырашэньня канфліктаў, а тым больш выкарыстоўваць для гэтага ўступленьне ў НАТО. Гэта карэнным чынам зьменіць сытуацыю. у якой знаходзяцца жыхары Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, а большасьць зь іх – грамадзяне Расейскай Фэдэрацыі”.

Супраць прыняцьця Плянаў дзеяньняў для Грузіі і Ўкраіны выступаюць уплывовыя сябры НАТО Нямеччына і Францыя. На іх думку, гэтыя краіны не адпавядаюць крытэрам НАТО. Яны спасылаюцца на тэрытарыяльная праблемы ў Грузіі, адмоўнае стаўленьне грамадзкай думкі ва Ўкраіне і на патрэбу не супрацьдзейнічаць Расеі.

У сваёй прамове ў Бухарэсьце прэзыдэнт Буш пацьвердзіў свой намер стварыць супрацьракетную абарону ў Эўропе. Ён заявіў пра магчымасьць далучэньня да сыстэмы СПА расейскіх радараў і пра тое, што ЗША дапускаюць беспрэцэдэнтны ўзровень супрацоўніцтва з РФ у гэтым пытаньні. Дж.Буш падкрэсьліў, што сыстэма СПА не накіраваная супраць Расеі, яе мэта – прадухіліць магчымы ракетны напад з боку Ірану.

Чакаецца, што тэма супрацьракетнай абароны ў Эўропе будзе адной з галоўных падчас перамоваў паміж прэзыдэнтамі Джорджам Бушам і Ўладзімірам Пуціным у Сочы ў гэтую пятніцу. Прэзыдэнт Расеі таксама будзе прысутнічаць на саміце НАТО ў Бухарэсьце, аднак ягоны выступ не прадугледжаны.

Прэзыдэнт ЗША ў сваёй сёньняшняй прамове закрануў тэму павялічэньня кантынгэнту НАТО ў Аўганістане. Ён сказаў:

Буш: “Аўганістан дагэтуль сутыкаецца са шматлікімі выклікамі. Вораг выбіты са сваіх пазыцый і не кантралюе ніводны з гарадоў краіны. Але хаця гэты вораг разьбіты ў баі, ён зьвярнуўся да тэрарыстычнай тактыкі. І калі мы аслабім ціск, экстрэмісты ізноў створаць фарпосты па ўсёй краіне, каб пагражаць народу Аўганістану і нашаму народу. Вось чаму мы будзем працягваць змагацца”.

Большая частка сілаў НАТО ў Аўганістане месьціцца на адносна бясьпечнай поўначы, баі на поўдні з талібамі і “Аль-Кайдай” вядуць салдаты толькі 4 краінаў: ЗША, Вялікай Брытаніі, Нідэрляндаў і Канады. Напярэдадні саміту прэзыдэнт Францыі Нікаля Сарказі пагадзіўся дадаткова накіраваць у Аўганістан 600 францускіх салдат.