Сёньня апошнія з 14 пустэльнікаў пачалі пакідаць пячору-схованку ля вёскі Нікольскае Пензенскай вобласьці. Яшчэ ў першай палове дня ў пракуратуры Бекаўскага раёну карэспандэнту “Свабоды” паведамілі, што на паверхню выйшла жанчына зь дзьвюма дзяўчаткамі, меншай няма і двух гадоў.
Навіна з Расеі даляцела ўжо да вёскі Глінянкі Кобрынскага раёну. У хату ўцекачоў-вернікаў зьбіраюцца сваякі. З Баранавічаў прыехала спадарыня Галіна — родная сястра Аляксандра Вабішчэвіча. Паўгода таму ён зьехаў у Расею разам з жонкай Інай і двума дзецьмі — Валянцінай (12 гадоў) і Алёнкай, якой тады было ўсяго 1 год і 4 месяцы. Са спадарыняй Галінай размаўляем перадусім пра дзіця, якое бацькі трымалі ў падзямельлі 5 месяцаў:
“Каля мяне цяпер мая дачка, за якую Алёнка маладзейшая на паўтара месяца. Калі я бачу сваё дзіця і ўзгадваю, дзе знаходзіцца тое, то, вядома, вельмі хвалююся. Ведаеце, перад тым, як яны зьехалі, мы зьбіраліся ў гэтым доме. Вельмі іх угаворвалі, плакалі”.
У Нікольскае на перамовы з пустэльнікамі быў запрошаны сьвятар Пензенскай япархіі айцец Гермаген. Вось чым тлумачыць станоўчы вынік ягонай місіі кіраўнік прэс-службы ўраду Пензенскай вобласьці Антон Шырокаў:
“Справа ў тым, што айцец Гермаген традыцыйна лічыцца ў нас знаўцам Апакаліпсісу. Гэта тая біблейская кніга, якую пустэльнікі выбралі сабе за галоўную і якой кіруюцца ў сваіх дзеяньнях.
Таксама айцец Гермаген ведае статут пячорных манахаў і можа аргумэнтавана пераканаць нашых пустэльнікаў, што абраная імі форма схованкі — у прынцыпе не абавязковая. Гэта значыць, што жыцьцё на паверхні, па-за пячорай, таксама дазваляе прытрымлівацца тых малітваў, посту і самаахвярнасьці, якія з пазыцый праваслаўных вернікаў цалкам дастатковыя для выратаваньня душы ў дзень Страшнага суду”.
На пачатку лістапада 2007 году 35 чалавек (у тым ліку — чацьвёра дзяцей) схаваліся ў загадзя абсталяванай пячоры ў Бекаўскім раёне Пензенскай вобласьці. Пустэльнікі вырашылі заставацца там да траўня 2008 году, калі, на іх думку, павінен надысьці канец сьвету. Людзі пагражалі спаліць сябе, калі іх паспрабуюць пад прымусам дастаць з-пад зямлі.
Мінула шмат месяцаў. Што цяпер кажуць родныя беларускіх пустэльнікаў? Меркаваньне Галіны Вабішчэвіч:
“Канечне, мы, як родныя, павінны атуліць іх клопатам і любоўю. Каб, калі яны вернуцца, далей удыхнулі тут жыцьцё. Бо калі дом без гаспадара, то ён развальваецца”.
Згодна з афіцыйнай інфармацыяй амбасады Беларусі ў Расеі, у падземным сховішчы ля расейскай вёскі Нікольскае знаходзіліся 10 грамадзянаў Беларусі, сярод іх двое дзяцей. Дарослыя лічаць сябе прыхільнікамі сэкты “Горні Ерусалім”, якую ачольваў жыхар вёскі Нікольскае Пётар Кузьняцоў. Гэты прапаведнік у 2006—2007 гадах некалькі разоў наведваў рэгіёны Беларусі, адкуль пазьней выехалі і схаваліся ў пячоры ягоныя прыхільнікі-пустэльнікі.