Як да магчымага ўваходу Грузіі і Украіны ў блёк НАТО ставяцца афіцыйныя беларускія палітыкі?
Сябра камісіі Палаты прадстаўнікоў у справе нацыянальнай бясьпекі Ўладзімер Баршчоў лічыць: такія памкненьні дзьвюх былых савецкіх рэспублік прывядуць да складанасьцяў у міжнародным становішчы:
“Я ня думаю, што прэзыдэнт Украіны пойдзе насуперак свайму народу. Вядома, што ўкраінцы літаральна ставяць ультыматум у гэтым пытаньні. І таму, я мяркую, будзе ўзяты нейкі час для прыняцьця правільнага палітычнага рашэньня.
А наагул, можна казаць, што цяперашнія падзеі пацьвярджаюць тое, пра што казаў прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь — глябалізацыя і жаданьне ўплываць літаральна на ўсе дзяржавы сьвету з боку ЗША яшчэ і яшчэ раз даказваецца сёньня.
Нас трывожаць нават тыя размовы кіраўніцтва Ўкраіны пра жаданьне ўступіць у НАТО. Што тут казаць ужо пра само ўступленьне! Навошта, каб побач зь беларускімі межамі стаялі вайскоўцы, якія ніколі не былі ў прыязных стасунках з нашай краінай?! Думаю, што гэта непажаданы варыянт для Рэспублікі Беларусь”.