В.Фралоў: “Грузію ў НАТО прымуць. А вось з Украінай — пытаньні”

Генэральны сакратар NATO Яп дэ Гоп Схефэр выступае ў Бухарэсьце

Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш падчас візыту ў Кіеў заявіў, што ў дні саміту НАТО ў Бухарэсьце падтрымае далучэньне Ўкраіны і Грузіі да пляну дзеяньняў, накіраваных на сяброўства гэтых краінаў у НАТО. Прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка пацьвердзіў, што толькі ўступленьне ў НАТО гарантуе бясьпеку дзяржавы

Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш падчас візыту ў Кіеў заявіў, што ў дні саміту Паўночнаатлянтычнага альянсу ў Бухарэсьце падтрымае далучэньне Ўкраіны і Грузіі да пляну дзеяньняў, накіраваных на сяброўства гэтых краінаў у НАТО. Прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка пацьвердзіў, што толькі ўступленьне ў НАТО гарантуе бясьпеку дзяржавы.

Украінскі лідэр рэзка асудзіў спробы блякаваць рух Украіны ў НАТО з боку краіны, якая, па словах Юшчанкі, “нават не зьяўляецца сябрам альянсу”. Маецца на ўвазе Расея, якая нібыта пагаджаецца на разьмяшчэньне элемэнтаў амэрыканскай сыстэмы супрацьракетнай абароны ў Чэхіі і Польшчы ў абмен на абяцаньне з боку Вашынгтону не чапаць Украіну. Як да гэтай праблемы ставяцца ў Беларусі?

Беларускае кіраўніцтва крытыкуе палітыку набліжэньня НАТО да паўднёвых межаў краіны. Але ці нясе такое суседзтва рэальную небясьпеку для Беларусі? Вось якія думкі выказалі палітыкі, лёс якіх у свой час быў шчыльна зьвязаны з Узброенымі сіламі.

П. Казлоўскі: “Вырашальным для Ўкраіны стане рэфэрэндум”

Былы міністр абароны Беларусі, генэрал-палкоўнік Павал Казлоўскі:


“Калі Беларусь будзе дзейнічаць паводле Канстытуцыі, будуючы нэўтральную бязьядзерную дзяржаву, то небясьпекі ніякай, здавалася б, для Беларусі няма. Але іншая справа, як будуць разьвівацца падзеі геапалітычна? З аднаго боку — сыстэма агульнаэўрапейскай бясьпекі, зь іншага — пашырэньне на ўсход НАТО. Тут штосьці прадказаць вельмі складана. Для Ўкраіны, напрыклад, небясьпека ў тым, што дзяржава можа раскалоцца на дзьве часткі, і штуршком да гэтага стане якраз уваходжаньне Ўкраіны ў НАТО. Хоць Юшчанка ўчора паабяцаў, што будзе агульнаўкраінскі рэфэрэндум у гэтым пытаньні. А прадказваць, як будуць разьвівацца падзеі датычна Беларусі, для якой, здавалася б, пагрозы вялікай няма, ці для ўсяго сьвету, як на гэта будуць рэагаваць Расея, Кітай, Індыя ды іншыя вялікія дзяржавы, якія супраць такога прасоўваньня на Ўсход — гэта складанае пытаньне”.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня, генэрал-маёр Валеры Фралоў:

Cяргей Скрабец і Валеры Фралоў (справа)
“Беларусі асаблівай радасьці гэта не прынясе. У нас традыцыйна склалася стаўленьне нават на ўзроўні простых людзей адносна НАТО — не зусім станоўчае, шчыра кажучы. На жаль, рэаліі, якія дэманстравала НАТО, у тым ліку датычна Югаславіі, неяк не настройваюць на аптымістычны лад. На жаль, гэта арганізацыя, якая ў цяперашні час вельмі мала падпарадкоўваецца і ААН, і розным міжнародным арганізацыям, і вырашае пытаньні ў першую чаргу зыходзячы з настрою і жаданьня Злучаных Штатаў. А ў іх заўсёды настроі канкрэтныя і досыць жорсткія. Таму гэта нікога не павінна радаваць”.

Карэспандэнт: “Як па-вашаму: ці будуць Украіна і Грузія прынятыя ў НАТО?”

“Я думаю, Грузія — так. Там усё ж больш кампактная рэспубліка, кіраваная, калі без уліку Абхазіі і Асэтыі. А вось з Украінай, мяркую, будзе яшчэ маса праблемаў. І калі насамрэч будзе праведзены рэфэрэндум, то не выключаю, што большая частка насельніцтва супраць НАТО выкажацца”.

У. Нісьцюк: “Беларусь і Расея таксама ствараюць ваенны саюз”

Падпалкоўнік у адстаўцы Ўладзімер Нісьцюк у апошнія гады сваёй вайсковай службы служыў у ракетна-тэхнічных войсках. Ракетная зброя з ядзерным зарадам — галоўны фактар у торгу паміж дзяржавамі за сфэры ўплыву:

“Тут ёсьць як рацыянальны, так і эмацыйны складнікі. Эмацыйнае ў тым, што ўсе нібыта спрабуюць збудаваць супраць Расеі нейкую новую ваенную сыстэму. Маўляў, у адказ на тое, што некалі была скасаваная Варшаўская дамова, не павінны ЗША і іх партнэры нарошчваць свае магчымасьці ў Эўропе.

А калі казаць рацыянальна, то зараз такія сродкі ўзбраеньняў ёсьць, для якіх не існуе ніякіх умоўных тысячаў кілямэтраў, нават не існуе глябальнай праблемы. Калі запатрабуецца, то ў любы пункт Зямлі будзе дастаўлена зброя, якая прынясе вельмі вялікія праблемы той ці іншай краіне.

Таму геапалітыка — гэта адно, у геапалітыцы кожная з краінаў змагаецца за свой уплыў, за свае эканамічныя пэрспэктывы. А ў сэнсе ваеннага супрацьстаяньня ня бачу праблемаў. Тым больш калі казаць пра эмацыйны бок, то Расея, ствараючы зь Беларусьсю саюз, таксама пачала стварэньне новай ваенна-палітычнай структуры. Таму існуючае супрацьстаяньне больш тычыцца дыпляматычных, палітыка-эканамічных праблемаў”.

Былы начальнік мэдычнай службы Галоўнага штабу Ўзброеных сілаў палкоўнік Уладзімер Мялюшка да падзеяў вакол Украіны мае свой інтарэс:

“Я сам украінец, пражываю ў Беларусі. Уважліва адсочваю гэтыя пытаньні і хачу сказаць: народ Украіны ня хоча гэтага. Гэта палітыкі працуюць, Буш працуе на раскол былога СССР.

І што тут незразумела? Зараз яны ўлезуць у НАТО, разьмесьцяць там свае ядзерныя боегалоўкі, іншую зброю. Гэта рэальная небясьпека! Зараз у Польшчы, у Чэхіі разьмяшчаюць, і гэта толькі пачатак. Ну паставяць яшчэ і ва Ўкраіну. І калі пачнецца вайна, то ня будзе ні Ўкраіны, ні Беларусі, ні Расеі.

А тое, што зараз адбываецца, то Бушу, канечне, напляваць. Ён ня лічыцца зь меркаваньнямі ні Францыі, ні Нямеччыны ў гэтым пытаньні. Ён сам дыктуе гэтую палітыку. Вось зараз у Бухарэсьце пройдзе паседжаньне, уцягнуць яны Ўкраіну ў НАТО. А што далей? Санкцыі ў адказ. З агульнай дамовы выйдзе Расея; Крым зь Севастопалем адыйдзе да Расеі, і далей пачнецца раскол у дзяржаве. Украіне перакрыюць газ, нафту. Адрэзануе на ўсім. Юшчанку і Цімашэнку зьмятуць. Сам народ іх зьмяце. А потым, і Буш ня вечны: у лістападзе яго перавыберуць — і ўсё"