Беларусь прапануе ЗША прывесьці склад дыпляматаў у амбасадах на парытэтных умоваў па формуле “адзін плюс шэсьць”. Гэта азначае, што ў Менску і Вашынгтону будзе працаваць пасол плюс яшчэ па шэсьць дыпляматаў.
Пра гэта сёньня заявіў намесьнік міністра замежных справаў Беларус Віктар Гайсёнак, адказваючы на пытаньні журналістаў у перапынку пленарнага паседжаньня Палаты прадстаўнікоў. Намесьнік міністра сказаў, што беларускія дыпляматы ўжо пакідаюць ЗША, а адказу амэрыканскага боку на гэту прапанову пакуль няма. Беларусь скарачае колькасьць пэрсаналу сваёй амбасады ў ЗША да 7 чалавек і хоча, каб гэтак жа зрабілі Злучаныя Штаты, скараціўшы колькасьць акрэдытаваных у Менску дыпляматаў на 10 чалавек.
Амэрыканская амбасада перадала гэтае патрабаваньне беларускага боку на разгляд у Вашынгтон.
Віктар Гайсёнак таксама заявіў, што адзіны шлях да дыялёгу і паляпшэньня дачыненьняў з ЗША існуе – “поўная і безагаворачная адмена санкцыяў”, уведзеных ЗША супраць канцэрну “Белнафтахім”. “Гэта адзіная падстава, якая можа існаваць для далейшай размовы з ЗША”,-- заявіў Гайсёнак.
На мінулым тыдні штат амбасады ЗША ўжо быў скарочаны пад ціскам беларускага боку амаль удвая — да 17 чалавек. Кіраўнік амэрыканскай амбасады ў Менску Джонатан Мур тады заявіў прадстаўнікам беларускага МЗС, што Злучаныя Штаты лічаць іх патрабаваньні аб скарачэньні штату амбасады ў Менску “неабгрунтаванымі і непасьлядоўнымі ў рамках дыпляматычнай практыкі”.
Пры гэтым ЗША зноў заявілі, што “безумоўнае вызваленьне ўсіх палітычных вязьняў дасьць магчымасьць пачаць пошук шляхоў паляпшэньня двухбаковых дачыненьняў”.
Дыпляматычны канфлікт паміж Беларусьсю і ЗША ўзьнік пасьля таго, як ЗША ўвялі абмежавальныя захады датычна дзяржаўнага канцэрну “Белнафтахім”. Амбасадара Беларусі ў ЗША Міхаіла Хвастова адклікалі “для кансультацыяў”. Адначасна беларускія ўлады настойліва рэкамэндавалі паслу ЗША Карэн Ст’юарт таксама пакінуць Беларусь з аналягічнай мэтай, і 12 сакавіка яна выехала зь Беларусі.