“Варожыя гнёзды ў кінематаграфіі разгромлены”

Пра што пісалі беларускія газэты 2 красавіка ў розныя гады мінулага.

“ЛіМ” на гэтым тыдні 1938 году даводзіць: “Арудаваўшыя ў Белдзяржкіно ворагі народа ўвесь час тармазілі развіццё беларускай совецкай кінематаграфіі. Таму да апошняга часу Белдзяржкіно адставала ад перадавых кіно-арганізацый Саюза ССР... Варожыя гнёзды ў кінематаграфіі разгромлены. І рашуча ачышчаючыся ад варожых элементаў, ліквідуючы вынікі шкодніцтва наша кіномастацтва выходзіць на шырокую дарогу новага росквіту”.

“1 красавіка ўгору па Нёмане пайшлі ў першы рэйс параходы гродненскай прыстані “Пушкін” і “Зоя Касмадзем’янская” з баржамі на буксіры, — паведамляе ў 1948 годзе “Гродненская праўда”. — Параход “Карл Лібкнехт” прыняў на борт першых пасажыраў. На Нёманскім басейне пачаўся сплаў лесу. Найбольш інтэнсіўна разгарнуліся сплаўныя работы на прытоках Нёмана. Па рацэ Котра пушчана 10.000 кубаметраў малявога сплава, а на рэках Ружанка і Зельвянка — каля 27.000 кубаметраў”.

* “Вечерний Минск” у 1988 годзе адзначае: “Наш ранейшы погляд на Лошыцу як на помнік-сядзібу ХІХ стагодзьдзя вядзе да зьнішчэньня Лошыцы-саду. Усе папярэднія рашэньні выканкаму, органаў аховы помнікаў былі скіраваныя на зьберажэньне менавіта помніка ХІХ стагодзьдзя... Цяпер, калі выявілася надзвычайная гістарычная каштоўнасьць Лошыцкага біялягічнага комплексу, зразумела, што гэта прывядзе да зьнішчэньня Лошыцы як адзінага ў сваім родзе экалягічнага асяродзьдзя”.