“Яны будуць старацца задушыць незалежную журналістыку”

Пасьля ператрусу

Грамадзкія арганізацыі і ўрад Польшчы выказаліся за матэрыяльную падтрымку беларускім журналістам, якіх пазбавілі тэхнікі падчас пературсаў 27-28 сакавіка. Хоць пацярпелыя рэдакцыі працягваюць працу, наступ на незалежныя мэдыі працягваецца.

З заклікам скласьці ахвяраваньні незалежным беларускім журналістам выступіў польскі фонд «Свабода і дэмакратыя», а таксама іншыя ўстановы. І цяпер вядуцца перамовы ў гэтым пытаньні, кажа рэдактар Радыё Рацыя Яўген Вапа:

«Да нас зьвярнуліся людзі з розных установаў. Цягам некалькіх дзён цяжка сказаць, у якім выглядзе будзе гэтая дапамога арганізацыяў, фундатараў і фондаў. Да канца тыдня вяду перамовы ў гэтай справе. Рыхтуемся да новай сытуацыі ў рэструктуальных пераменах. Але размовы пра гэта маем на наступным тыдні».

Кіраўніцтва радыё таксама рыхтуе дакумэнты для акрэдытацыі журналістаў у Беларусі. Хоць ранейшы досьвед сьведчыць, што такія заявы ўлады не разглядаюць, кажа спадар Вапа. Пытаньні дапамогі з боку польскага ўраду вырашае зараз і тэлеканал «Белсат», паведаміла яго кіраўніца Агнэшка Рамашэўская. Пра падтрымку пацярпелых рэдакцыяў з боку Беларускай асацыяцыі журналістаў гаворыць юрыст Андрэй Бастунец:

“Накіраваны зварот генэральнаму пракурору. Зараз рыхтуецца зварот да менскай пракуратуры, якая санкцыянавала ператрусы. І быў зварот да міжнароднай супольнасьці, у якім выкладзеныя ацэнкі таго, што адбываецца”.

У Беларусі тым часам працягваецца ціск на дэмакратычныя мэдыі: днямі адразу два папярэджаньні ад Міністэрства інфармацыі атрымала незалежная газэта “Новы час”.

Гаворыць шэф-рэдактар выданьня Аляксей Кароль:

Я не сказаў бы, што тут ёсьць нейкая факталягічная сувязь з масавымі ператрусамі. Але лягічная сувязь у рамках дзяржаўнай палітыкі, безумоўна, існуе”.

Павал Шарамет, Адрэй Клімаў, Віктар Івашкевіч, Мікола Маркевіч, Павал Мажэйка, Аляксандр Зьдзьвіжкоў – журналісты, якія адбывалі так званую “хімію” і нават турэмнае зьняволеньне за публікацыі ў незалежных СМІ.

Аляксандра Ступнікава і Міхаіла Падаляка улады дэпартавалі за межы Беларусі. Апэратар Зьміцер Завадзкі бясьсьледна зьнік пяць гадоў таму. Белыя плямы, забарона на распаўсюд, шматмільённыя штрафы і закрыцьцё газэт – характэрнае стаўленьне сёньняшніх уладаў да незалежнай журналістыкі ў Беларусі, лічыць намесьніца галоўнага рэдактара “Народнай Волі” Сьвятлана Калінкіна:

Калі Аляксандр Лукашэнка праводзіў прэсавую канфэрэнцыю ў 1994 годзе, стаўшы прэзыдэнтам краіны, мне падаецца, у той самы момант ён зразумеў, дзякуючы чаму стаў прэзыдэнтам. Вялікая заслуга ў гэтым была журналістаў і таго, што тады ў Беларусі пачыналася свабодная журналістыка. І, адпаведна, зрабіў выснову, што СМІ павінныя быць падкантрольныя.

З 1994 года і распачаўся мэтанакіраваны наступ на СМІ. І з апошніх сілаў, на апошнія грошы яны будуць старацца задушыць незалежную журналістыку і захаваць журналістыку прапагандысцкую”.