Агляд беларускага сеціва.
На форумах сайту "Хартыя'97" абмяркоўваюць сустрэчу беларускай урадавай дэлегацыі з кіраўніцтвам расейскай кампаніі "Газпром". Беларускі бок настойваў на замаражваньні коштаў на газ. Але прадстаўнікі Расеі пакінулі прывязку коштаў на газ да коштаў у Эўропе. Адпаведна, кошт для Беларусі за тысячу кубамэтраў можа вырасьці са 128 даляраў да 200. Камэнтар:
"Нічога страшнага, усё будзе ў парадку... Калі што Лукашэнка паставіць расейскія ракеты ў РБ".
Расейскі журналіст Віталь Портнікаў камэнтуе:
"У Маскве, відаць, вырашылі, што "бацьку" можна браць голымі рукамі. Гэтая небясьпечная ілюзія ўжо ня раз прыводзіла да краху ўсіх расейскіх інтэграцыйных высілкаў на постсавецкай прасторы. ...Прыхільнікі аб'яднаньня зь Беларусьсю аніяк ня могуць зразумець, што адна права прыгожа гаварыць пра сяброўства і брацтва, а іншая – пазбавіцца рэальнай улады".
На форумах парталу Tut.by можна пачытаць водгукі на патрабаваньне Таварыства аховы помнікаў прызнаць бел-чырвона-белы сьцяг культурна-гістарычнай каштоўнасьцю. Бел-чырвона-белы сьцяг зьявіўся ў 1918 годзе як адзін з сымбаляў Беларускай Народнай Рэспублікі. У 1991-1995 гадах бел-чырвона-белы сьцяг быў дзяржаўным сымбалем рэспублікі Беларусь. Некалькімі гадамі раней герб "Пагоня" быў прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасьцю. Камэнтары:
"Я заўсёды зьдзіўляўся, чаму ўлады Беларусі так перасьледуюць за сьцяг, пад якім была аб'яўлена пра стварэньне першай беларускай дзяржавы ў сучаснасьці. Ён мусіць мець статус, блізкі да афіцыйнага. Нягледзячы на палітычныя погляды цяперашніх уладаў";
"Так з "Пагоняй" можна на мітынгі хадзіць? Хай толькі АМОНу пра гэта на палітінфармацыі скажуць";
"У новым адміністратыўным кодэксе артыкулу пра "незарэгістраваную сымболіку" больш няма;
"Наўрад ці такое магчыма пасьля столькіх гадоў зьдзеку над сьцягам".
На форумах сайту “Наша Ніва" камэнтуюць заявы генэрала міліцыі ў адстаўцы Мікалая Чаргінца на адрас клясыкаў беларускай літаратуры. У прыватнасьці генэрал Чаргінец, які ўзначальвае праўрадавы Саюз пісьменьнікаў, назваў аўтарку гімну "Магутны Божа" Натальлю Арсеньневу "фашысцкім прыхвасьнем". Камэнтары:
"Пэўна "геніяльных" твораў галоўнага "пісателя" ніхто не чытае, таму прымус – адзіны спосаб узьняць наклады т.зв. сацыяльна-значнай літаратуры. Будзе чым у селах печ распальваць, ды што на цьвік ва ўборнай павесіць".
"Іх імёны і творы перажылі іх сьмерць. А штосьці мне падказвае, што томікі самога Чаргінца праз пару гадоў бамжы пацягнуць на макулятуру. Як зараз цягнуць пачкамі стварэньні каньюктурных саўковых пісьменьнікаў".
На сайце aliaksei.org распачалася публікацыя цыклю матэрыялаў на дапамогу "чайніку", які хоча стварыць і працаваць на папулярным сайце блогаў "Жывы журнал". Уваход у ЖЖ, першы пост, тэгі, рэдактура і гэтак далей да самых нюансаў працы блогера – усё на сайце aliaksei.org.