Сёньня браты Сяргей і Аляксандар Скрабец вырашылі спыніць сваё галадаваньне. Яно цягнулася 22 дні. Браты зьвярнуліся да іншых удзельнікаў галадоўкі з прапановай далучыцца да іхнага рашэньня.
Сяргей Скрабец кажа, што для спыненьня галадоўкі ёсьць некалькі прычынаў:
“Па-першае, вельмі дрэнна сябе пачуваем. Гэтым разам галадоўка праходзіць надзвычай цяжка.
Мы бачым, што ўлада не зьбіраецца выконваць нашы патрабаваньні аб вызваленьні ўсіх палітвязьняў. Замест таго, каб вызваляць Казуліна, Парсюкевіча, Кіма, улады кідаюць за краты новых вязьняў. Мы бачым, што сядзяць моладзевыя актывісты, адбываюцца ператрусы ў незалежных выданьнях.
У такіх умовах мы лічым, што трэба скончыць галадоўку. Але гэта не азначае скончыць барацьбу за вызваленьне палітвязьняў, за дэмакратычныя зьмены ў нашым грамадзтве”.
Малодшы брат былога дэпутата — Аляксандар — цьвердзіць, што зрабіў з галадоўкі дзьве высновы. Першая: ён асабіста аказаўся здольным на сапраўдныя дзеяньні. І другая:
“Я лічу, тое, што нас падтрымалі канкрэтна ў пляне галадоўкі дзясяткі людзей, а ў маральным пляне сотні, а, можа, нават і тысячы, — дык гэта ўжо дасягненьне”.
Сяргей Скрабец кажа: цяпер у эстафэтнай галадоўцы бяруць удзел каля 20 чалавек. Браты зьвярнуліся да іх з прапановай, каб і тыя спынілі галадоўку. Аднак кожны будзе вырашаць гэта самастойна.
Намесьніца старшыні аргкамітэту дзеля стварэньня Беларускай партыі працы Тацяна Ваніна спыніла галадаваньне:
“Я пачала выходзіць з гэтага стану. А выходзіць яшчэ складаней, чым галадаваць. Я згодная са Скрабцамі. Трэба, каб людзі далучаліся да больш актыўнай працы. У такім стане вельмі цяжка паўнавартасна працаваць”.
У Бэрліне галадуюць былыя беларускія міліцыянты, бацька і сын Алкаевы, якія некалькі гадоў таму атрымалі ў Нямеччыне палітычны прытулак. Бацька Алег Алкаеў галадуе ўжо 17-ты дзень, сын Вячаслаў – 9-ты. Алег Алкаеў кажа, што пакуль ён ад галадаваньня не адмаўляецца і зьбіраецца спыніцца тады, калі адчуе сябе дрэнна:
“Я не люблю ніякіх тэрмінаў. Гэта ня мой стыль. Я ведаю, што Скрабец спыніў галадоўку не таму, што сёньня 1-га ці 5-га. Стан здароўя стаў горшы. А ў мяне сала больш, і я здольны яшчэ трохі пратрымацца. Як будзе дрэнна, я спынюся”.
Сяргей Скрабец упэўнены: плён ад галадоўкі ёсьць:
“Гэтай галадоўкай мы паказалі ня толькі салідарнасьць з палітвязьнямі, але і тое, што ў Беларусі ёсьць шмат людзей, якія змагаюцца за свабоду, дэмакратыю і правы чалавека”.
Галадоўка пачалася 10 сакавіка з патрабаваньня вызваліць палітвязьня Аляксандра Казуліна. За 22 дні галадоўкі яе мэты пашырыліся. Спачатку яе ўдзельнікі патрабавалі толькі неадкладна вызваліць Аляксандра Казуліна і закрыць справы актывістаў апазыцыі Андрэя Кіма і Сяргея Парсюкевіча. Пазьней, акрамя таго, — спыніць рэпрэсіі супраць удзельнікаў сьвяткаваньня Дня Волі і незалежных журналістаў, у якіх учынілі ператрусы і канфіскавалі аргтэхніку 27 сакавіка.