Учора родныя і сябры разьвіталіся зь Сяргеем Качаноўскім. Знаны эколяг і шараговы змагар за родную мову й культуру пайшоў з жыцьця пасьля цяжкай і працяглай хваробы 28 сакавіка. Яму было пяцьдзесят чатыры гады.
Сяргей Качаноўскі быў з тых, пра каго кажуць – сьветланосны. Сястра Натальля перакананая, што ён невыпадкова захапіўся экалягічным рухам. Маючы чырвоны дыплём выпускніка Беларускага політэхнічнага інстытуту (цяпер Беларуская політэхнічная акадэмія) і бліскуча абароненую ў Маскве кандыдацкую дысэртацыю, стаўшы дацэнтам сваёй alma mater, ён не зрабіў вялікае навуковае кар’еры толькі таму, што кожны свой крок вымяраў прынцыпамі маральнай чысьціні.
“Ён, на жаль, ня стаў ні загадчыкам катэдры, ні кім іншым. Проста ён ня мог не адгукнуцца на ідэі Адраджэньня. Калі пачалася перабудова, ён са сваім сябрам, таксама выкладчыкам, сталі змагацца супраць інстытуцкага парткаму яшчэ, калі быў Савецкі Саюз. А потым, калі ўжо пачалося нацыянальнае Адраджэньне, ён вельмі актыўна браў у гэтым удзел”.
Калі ў Беларусі адчыніўся Фонд Сораса, Сяргей Качаноўскі стаў актыўна супрацоўнічаць у яго культурніцкіх і навуковых праграмах, а потым – у экалягічных. Абарона зуброў у Белавескай пушчы зблізіла яго з экажурналістам Валер’ем Дранчуком.
“Ён дапамагаў нашаму “зялёнаму” сэктару ўздымацца, ладзіць нейкія адмысловыя выданьні. Асабліва шмат дапамагаў школам, перадаваў ім бясплатна экалягічную літаратуру. Часам я бачыў яго на нашых акцыях і запомніў яго як чалавека вельмі акрыленага, аптыміста. У гэтым чалавеку я, несумненна, бачыў таго, хто верыць у перамены і набліжае іх”.
Карэнны мянчук, тэхнар, Сяргей Качаноўскі верыў у сілу роднае мовы. Свой прадмет “Інжынэрная графіка будаўнічых праектаў” ён выкладаў па-беларуску. Старшыня таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны Алег Трусаў:
“Спадар Качаноўскі быў простым шараговым рупліўцам на ніве беларушчыны. Са сваёй старэйшай сястрой Натальляй яны шмат год шчыра працавалі на Беларусь. Арганізоўвалі работу ТБМ у Менску ў сваім раёне, дзе жылі, зьбіралі подпісы, прапагандавалі беларускамоўныя газэты, іншыя выданьні і такім чынам спрыялі таму, каб засталася наша мова і наша незалежнасьць. І, канечне, такіх людзей трэба заўжды шанаваць. Памяць пра іх павінна заўжды быць у нашых сэрцах”.
Сяргея Качаноўскага пахавалі 31 сакавіка на Ўсходніх могілках у Менску. У яго засталіся сын і дачка.