Аляксей Шыдлоўскі зараз знаходзіцца ў Кіеве. Паводле актывіста, ўлады Чэхіі дэпартавалі яго ў Літву, адкуль ён вярнўся ў Кіеў.
У пачатку года Аляксей Шыдлоўскі зьехаў з Беларусі ва Ўкраіну, адкуль месяц таму перабраўся ў Чэхію і папрасіў там палітычнага прытулку. Аляксей Шыдлоўскі матываваў сваё рашэньне пагрозай крымінальнага перасьледу: ў 2007-ым годзе супроць яго была заведзеная крымінальная справа паводле абвінавачаньня ў нанясеньні пашкоджаньняў грамадзяніну. Аляксей Шыдлоўскі не выключаў, што гэты інцыдэнт быў выкарыстаны для ягонага перасьледу з палітычных прычын.
Аднак Міністэрства ўнутраных спраў Чэхіі адмовілася займацца справай аб наданьні Шыдлоўскаму палітычнага прытулку. Шыдлоўскаму патлумачылі, што ў адпаведнасьці з Дублінскім пагадненьнем займацца справай аб прадастаўленьні палітычнага прыстанішча павінна краіна, якая выдала больш доўгатэрміновую візу.
Аляксей Шыдлоўскі – вядомы актывіст маладзёвага руху ў Беларусі. У канцы 1990-ых ён быў пакараны двума гадамі зьняволеньня за графіці палітычнага зьместу, аднаго з першых у Беларусі праваабаронцы прызналі яго палітычным вязьнем. Пасьля выхаду з калёніі Аляксей Шыдлоўскі неаднаразова затрымліваўся ўладамі за удзел ў акцыях пратэсту. У апошнія гады Аляксей Шыдлоўскі актыўна супрацоўнічаў з недзяржаўнымі мэдыямі.