Амбасада ЗША ў Менску сёньня аднавіла выдачу віз, якая была прыпыненая два тыдні таму ў сувязі з патрабаваньнямі беларускага боку аб скарачэньні колькасьці амэрыканскіх дыпляматаў у Менску. Адначасова амбасада пацьвердзіла, што ўчора была атрыманая новая прапанова МЗС Беларусі аб далейшым скарачэньні яе штату.
«Гэтая прапанова перададзеная ў Дзярждэпартамэнт і цяпер вывучаецца»,-- зазначылі ў амбасадзе ЗША. На мінулым тыдні штат амбасады ЗША ўжо быў скарочаны пад ціскам беларускага боку на 17 чалавек. Новыя патрабаваньні аб скарачэньні штату амэрыканскай амбасады МЗС Беларусі тлумачыць адмовай ЗША скасаваць санкцыі супраць канцэрну “Белнафтахім”.
З 1 красавіка прыём заявак на выдачу амэрыканскіх віз адноўлены ў скарочаным аб’ёме з-за таго, што ў Менску застаўся адзін консул. Тым, чые сумоўі былі адмененыя ў папярэдні пэрыяд, будуць прызначаныя новыя тэрміны.