"Руская мова ворагамі народа была зведзена да становішча замежнай"


* “Красноармейская правда” ў 1928 годзе пад загалоўкам “Чырвонаармейцы ў баях за культурнасьць” адзначае: “Культурная паводка нясе разам з чыстай, сьвежай вадой гнільлё і сьмецьце. Калі прыкладным ваенкарам насыпаюць у ствол вінтоўкі пясок, калі лазяць адзін да аднаго ў куфры, калі ў чырвонаармейскіх шыхтах квітнее мат. Гэта — гнільлё, бруд, сьмецьце, ад якога неабходна чысьціцца рашуча і энэргічна”.

Наркам асьветы БССР В.Півавараў у 1938 годзе піша на старонках “Звязды”: “Ворагі народа рабілі ўсё магчымае, каб не дапусціць далучэння дзяцей нашай Савецкай Сацыялістычнай Беларусі да вялікай рускай мовы, да рускай культуры... Руская мова ворагамі народа была зведзена да становішча замежнай (нямецкай) мовы. Так, напрыклад, па вучэбнаму плану школ на 1935-36 навучальны год у беларускай гарадской сярэдняй школе на вывучэнне рускай мовы адводзілася 520 гадзін, а на нямецкую мову — 640 гадзін”.

“Народная воля”, год 1998. Газэта інфармуе: “Па 100 рэспандэнтаў выбралі ў кожным адміністрацыйным раёне сталіцы беларускія сацыёлагі, каб правесці даследаванне на актуальную тэму: як вы ставіцеся да сталічнай міліцыі? Негатыўна аднесліся да дзейнасці вартавых правапарадку аж 46,9 працэнта апытаных... І толькі 38,1 працэнта з 900 апытаных станоўча ацанілі працу мінскіх міліцыянераў... Па-ранейшаму не задаволены мінчане грубасцю міліцыянераў (49,5 працэнта), рукапрыкладствам (29,9 працэнта), нежаданнем патлумачыць парадак далейшых дзеянняў грамадзян”.