Выйшла ў сьвет кніга вершаваных фэльетонаў “Дзежка дзёгцю” за аўтарствам Алеся Няўвеся. Хоць цягам мінулага году творы друкаваліся на старонках недзяржаўнага тыднёвіка «Свободные новости», але выдаць выніковую кнігу ў Беларусі адмовіліся як дзяржаўныя выдавецтвы, так і прыватныя. У выніку збор пабачыў сьвет у расейскім Смаленску. Хто хаваецца за літаратурным псэўданімам Алесь Няўвесь – у рэдакцыі газэты не раскрываюць, але сьцьвярджаюць, што пасьля легендарнага Кандрата Крапівы ў такім стылі не пісаў ніхто.
Галоўны рэдактар тыднёвіка «Свободные новости» Васіль Зданюк расказвае, што ў 52 нумарах летась і ў 12 нумарах сёлета на старонках газэты друкаваліся беларускамоўныя творы ў арыгінальным жанры вершаванага фэльетону. У выніковую кніжку пад назвай “Дзежка дзёгцю” на двух сотнях старонак зьмясьцілася матэрыялу амаль удвая больш -- сто з гакам фэльетонаў. Кніга багата ілюстраваная малюнкамі.
На перакананьне спадара Зданюка, калі публіцыстыкай (ня кажучы ўжо пра масавае чытво) ужо нікога ня зьдзівіш, то вершаваны фэльетон -- гэта рэдкі і арыгінальны жанр, які можа мець самую шырокую аўдыторыю. Але што да асобы аўтара, то да часу рэдакцыя мае трымаць завесу сакрэтнасьці:
За ім стаіць цалкам канкрэтны чалавек, досыць вядомы ў літаратурных беларускіх колах
Як удакладняе Васіль Зданюк, “Дзежка дзёгцю” выданая за кошт аўтара. Але падчас складаньня кніжкі Алесь Няўвесь сутыкнуўся з нечаканымі, хоць і вырашальнымі, праблемамі:
“Ён сутыкнуўся зь вялікімі праблемамі падчас спробы выданьня кнігі тут, хоць гэта ўсё друкавалася ў “Свободных новостях” цягам мінулага году, усе тэмы ўзятыя з празрыстых крыніцаў. То бок, кожны фэльетон ён пачынаў з такой невялікай выразкі з газэт: ці то з уласна “Свободных новостей”, а таксама з “Белгазеты”, “Народнай волі”, беларускай “Комсомолкі” і г.д. Тэмы ўзятыя з жыцьця, і ён проста даў ім вось такі фэльетонны працяг. Але яму дзесяць чалавек адмовілі ў выданьні, уключна з сябрамі, якія пайшлі ў выдавецкі бізнэс. Ніхто яму не пагадзіўся надрукаваць, проста палахліва пабаяліся. Ён плюнуў на ўсё, паехаў у Смаленск і выдаў там. Цяпер прывёз цалкам нармалёвую кніжку”.
Паэт Сяргей Законьнікаў на старонках “Свободных новостях” у сталай рубрыцы “Пункт гледжаньня” ужо тры гады друкуе свае “рэфлексіі” адносна жыцьця ў Беларусі. На газэтных палосах Сяргей Законьнікаў і Алесь Няўвесь -- суседзі. І вось меркаваньне спадара Законьнікава адносна экспэрымэнтаў свайго калегі на ніве вершаванага фэльетону:
“Я стаўлюся вельмі ўхвальна да гэтага жанру, жанру фэльетону. Глядзіце, што атрымліваецца: нават у савецкі час, ня гледзячы на тое, што і цэнзура была, але жанр фэльетону – і празаічнага, і вершаванага існаваў нават у газэце “Правда”, “Известия”, “Труд”. Шмат якія выданьні друкавалі фэльетоны. Мне здаецца, што сёньня на гэтым полі аўтар амаль адзіны зараз працуе. Таму да гэтага адношуся вельмі станоўча”.
Карэспандэнт: “То бок, сама па сабе ніша вершаванага фэльетону цяпер папросту не занятая?”
“Так, ніша аказалася незанятая і ён вельмі па-гаспадарску пакарыстаўся гэтай нішай. Ягоныя фэльетоны дасьціпныя, усяго ў меру, няма там чагосьці надта салёнага, не даходзіць да краю, спыняецца на мяжы, дзе трэба гаварыць можа нават і грубавата пра наша жыцьцё. Але, тым ня меней, мне здаецца, што ён у гэтым жанры нейкіх удачаў дасягнуў. Ня ўсе яны раўназначныя, гэтыя фэльетоны, але ў пераважнай большасьці гэта тое, што чытаецца. І дарэчы: я вяду аўтарскую рубрыку ў “Свободных новостях” і мне часта прыходзяць лісты чытачоў і там людзьмі рознага сацыяльнага статусу згадваюцца і фэльетоны. Яны вельмі ўхвальна ставяцца да гэтай творчасьці. Таму я падзяляю пункт гледжаньня нашых людзей”.
Усе тэмы ў вершаваных фэльетонах, сабраных на старонках кнігі “Дзежка дёзгцю”, як і казалі мае суразмоўцы, узятыя з жыцьця. Абгорнутыя ў дасьціпную форму, яны расказваюць пра старыя і ўжо звыклыя рэчы – недалёкасьць і блізарукасьць чыноўнікаў, абыякавасьць начальства, вымушаную падпарадкаванасьць звычайных людзей.