У першы дзень красавіка, Дзень сьмеху, маладыя сацыял-дэмакраты заклікаюць да ўдзелу ў жартоўным флэш-мобе. Тым часам першакрасавіцкія жарты ў Беларусі часам мелі юрыдычныя наступствы.
На першакрасавіцкае пачуцьцё гумару КДБ сёньня разьлічваюць маладыя сацыял-дэмакраты. Намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Ігар Рынкевіч распавядае пра гумарыстычны флэш-моб з сур’ёзным падтэкстам:
“Мы прапануем усім “пільным” грамадзянам 1-га красавіка а 12-й гадзіне прынесьці ў будынак КДБ усе “зьневажальныя” мультфільмы на DVD альбо іншых носьбітах. Гэткія мультыплікацыйныя фільмы, дзе ёсьць пэрсанажы, вельмі падобныя да галоўнага беларуса і дзе вельмі падобна да таго, што яго зьневажаюць”.
Ігар Рынкевіч мяркуе, што гэтая акцыя ў Дзень сьмеху падтрымае незалежных журналістаў, якіх вінавацяць у дачыненьні да мультфільма, дзе нібыта ўтрымліваецца зьнявага гонару кіраўніка дзяржавы.
Адзін з першакрасавіцкіх жартаў газэты “Народная воля” меў працяг у выглядзе судовага разьбіральніцтва і нават папярэджаньня газэце. Распавядае рэдактарка Сьвятлана Калінкіна:
“Гэта было ці тры, ці чатыры гады таму. Першакрасавіцкі жарт: напісалі, што ў Менск зь візытам чакаюць Садама Хусэйна. Пракуратура вельмі сур’ёзна да гэтага паставілася: “недакладная інфармацыя”, як заўсёды. Не зважаючы на тое, што мы папярэджвалі адмыслова, што будзе незвычайны нумар, незвычайная дата...Але яны вельмі сур’ёзна паставіліся да ўсіх матэрыялаў нават у гэты дзень і нават да розыгрышу”...
Затое жарты, далёкія ад палітыкі, прэтэнзіяў не выклікалі, прыгадвае Сьвятлана Калінкіна выпадак з працы ў выданьні “БДГ”:
“Напісалі, што каля мясцовай ТЭЦ вырашылі рэшткі цяпла выкарыстоўваць для ацяпленьня ракі і там будзе жыць гіпапатам. Людзі вельмі сур’ёзна да гэтага паставіліся, тэлефанаваць сталі актыўна, запытвацца, як яны могуць дапамагчы, спрычыніцца да кармленьня гэтага гіпапатама”.
Беларускі бард Віктар Шалкевіч згадвае жарт над дырэктарам Гарадзенскага тэатру ў часы татальнага дэфіцыту 80-х. Разам з калегамі па тэатры яны зьмясьцілі шэраг абвестак: прыкладам, “прадам блок-флейту”. У тыя савецкія часы падобны жарт цалкам мог мець працяг -- абвінавачаньнем у спэкуляцыі. Не самым бясьпечным быў зьмест і іншай абвесткі:
“Напісалі: замежны грамадзянін здыме пакой. Тэлефон ягоны і подіс: Чэслаў Немін. Спэцыфічны жарт, уласна кажучы. Дырэктар доўга хадзіў па тэатры і спрабаваў дазнацца, хто ж гэта зрабіў”.
Карэспандэнтка: “Дазнаўся”?
Шалкевіч: “Не-а”.