Сёньня чакалася, што яшчэ некалькі пустэльнікаў зь пячоры ля вёскі Нікольскае Пензенскай вобласьці пакінуць сваю схованку, як зрабілі гэта ў мінулую пятніцу сем жанчын. Аднак 28 сэктантаў, сярод якіх ёсьць і беларусы зь дзецьмі, застаюцца на гэты час пад зямлёй.
Пракурор Бекаўскага раёну Пензенскай вобласьці Аляўціна Ваўчкова ў інтэрвію нашаму радыё пацьвердзіла, што сярод жанчын, якія пакінулі пячору, ёсьць беларуска. “Яна пакуль ня будзе дэпартаваная з Расеі, бо актыўна ўдзельнічае ў перамовах”, — удакладніла пракурор. Далей яна паведаміла пра падтапленьне пячоры і неабходнасьць выратаваць людзей:
“Угаварылі гэтых людзей выйсьці — сем чалавек, жанчыны. Астатнія застаюцца пакуль. Зь імі ідуць перамовы. Справа ў тым, што існуе рэальная небясьпека. Каб гэтага не было, то і перамовы не вяліся б. Небясьпека рэальная, а таму штодзённа ўгаворваем іх выйсьці”.
Весткі зь Нікольскага пра магчымае вызваленьне пустэльнікаў паспрыялі таму, што сёньня мне ўдалося разгаварыць Аню Вабішчэвіч. Гэта старэйшая дачка зь сям’і Іны і Аляксандра Вабішчэвічаў, якія хаваюцца ў пячоры. Жыве цяпер Аня ў бабулі разам са сваім малодшым братам Уладзікам. Дзяўчынка пачынае гутарку таксама з навіны. Кажа, што нарэшце мясцовая ўлада пачала дапамагаць пакінутым дзецям:
“Так, цяпер нам дапамагаюць. Дапамога — грашовая. Яе прыносіць у хату паштальён”.
Раней бабуля Галіна Вабішчэвіч скардзілася на галоўную праблему сям’і — становіцца немагчымым утрымліваць карову. Дзяўчынка тлумачыць, што карову гадуюць і яна цяпер дае малако.
“Усё ў нас цяпер добра. І ў школе мы вучымся добра, адзнакі — ад 6 і вышэй. Вучні і настаўнікі ставяцца да нас добра”.
Некаторыя фрагмэнты гутаркі, калі Аня Вабішчэвіч плача і заклікае сваіх бацькоў вярнуцца, я не выкарыстоўваю ў эфіры з этычных меркаваньняў. Зрабіць так параіла галоўны доктар Расейскага дзяржаўнага навуковага цэнтра сацыяльнай псыхіятрыі Алена Шчукіна. Са словаў суразмоўніцы, спэцыялісты гэтага цэнтру ад самага пачатку ўдзельнічаюць у перамовах з пустэльнікамі:
“Відавочна, што псыхалягічна там ужо складана знаходзіцца. Перамовы зь імі вяліся даўно, доўга. І гэта прыносіць станоўчыя вынікі”.
Паводле афіцыйнай інфармацыі амбасады Беларусі ў Расеі, у падземным сховішчы ля вёскі Нікольскае Пензенскай вобласьці ў ліку 28 сэктантаў знаходзяцца 10 грамадзянаў Беларусі, сярод іх двое дзяцей.
На пачатку лістапада 2007 году 35 чалавек (у тым ліку — чацьвёра дзяцей) схаваліся ў загадзя абсталяваным склепе ў Бекаўскім раёне Пензенскай вобласьці. Пустэльнікі вырашылі заставацца там да траўня 2008 году, калі, на іх думку, павінен надысьці канец сьвету. Да самаізаляцыі яны падрыхтаваліся старанна, назапасілі рэчы для побыту і прадукты харчаваньня.
З вонкавым сьветам пустэльнікаў злучае толькі вэнтыляцыйная адтуліна. Празь яе супрацоўнікі міліцыі і прадстаўнікі мясцовай адміністрацыі вядуць перамовы, угаворваюць сэктантаў выйсьці на паверхню. Тыя ў адказ пералічваюць прыкметы набліжэньня катастрофы. А ў выпадку ўмяшаньня, калі іх сілай паспрабуюць дастаць зь пячоры, пагражаюць спаліць сябе ці ўзарваць.
Усе пустэльнікі — пасьлядоўнікі Пятра Кузьняцова, у адносінах да якога праваахоўныя органы ўзбудзілі крымінальную справу паводле артыкулаў “арганізацыя аб’яднаньня, якое робіць замах на асобу і правы грамадзянаў” і “ўзбуджэньне нянавісьці па рэлігійных прыкметах”.
Паводле зьвестак Кобрынскага РАУС Берасьцейскай вобласьці, Пётар Кузьняцоў прыяжджаў у Беларусь некалькі разоў. У ліпені 2007 году быў высланы за межы краіны за парушэньне правілаў рэгістрацыі замежных грамадзянаў.
Згодна з афіцыйнай інфармацыяй амбасады Беларусі ў Расеі, у падземным сховішчы цяпер у ліку 28 сэктантаў знаходзяцца 10 грамадзянаў Беларусі, сярод іх двое дзяцей.