Сёньня прадстаўнікі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі накіравалі ў Цэнтральную выбарчую камісію свае прапановы наконт практыкі ўжываньня выбарчага заканадаўства. Гэтаму папярэднічала прэсавая канфэрэнцыя, на якой прысутнічаў наш менскі карэспандэнт.
Кіраўнік экспэртнай групы Віктар Карняенка кажа: усе прапановы выкладзеныя ў выглядзе шасьці праектаў пастановаў ЦВК:
“Сутнасьць прапановаў фактычна зводзіцца да трох блёкаў. Першы — усім палітычным партыям, якія ўдзельнічаюць у выбарах, заканадаўства павінна даць хаця б мінімальныя гарантыі на ўдзел у выбарчых камісіях, на фармаваньне выбарчых інструмэнтаў.
Другі — некаторыя артыкулы Выбарчага кодэксу не павінны заставацца толькі дэклярацыямі, а павінны выконвацца ў тым сэнсе, у якім яны запісаныя ў заканадаўстве. У першую чаргу гаворка ідзе пра агітацыйныя кампаніі.
Трэці — палітычныя партыі і кандыдаты ў дэпутаты павінны мець рэальныя магчымасьці для правядзеньня сваёй агітацыйнай кампаніі”.
Сакратар ЦК Партыі камуністаў беларускай Алена Скрыган у мінулую парлямэнцкую кампанію была сябрам Цэнтравыбаркаму з правам дарадчага голасу:
“Магу сказаць, што ад ЦВК, нават ад тых мэтадычных распрацовак, якія яна даводзіць да акруговых і ўчастковых камісіяў, залежыць вельмі многае. У прыватнасьці, якая будзе атмасфэра на выбарах і як яны пройдуць. Таму з рэакцыі на нашы прапановы будзе відаць, ці згодная ЦВК, а больш канкрэтна — улада, разглядаць тыя прапановы, якія аб’яднаныя дэмсілы выпрацавалі”.
Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік кажа, што прапановы ад апазыцыі ў камісію яшчэ не паступілі:
“А пакуль дакумэнтаў няма, дык пра што разважаць? Прынясуць — павывучаем, паглядзім, што там рацыянальнага, разумнага. Мы не пакідаем па-за ўвагай ніводнага дакумэнту, які паступае да нас”.
Сустаршыня Палітрады аб’яднаных дэмакратычных сілаў Анатоль Лябедзька папярэджвае: калі ўлада ня пойдзе на зьмены выбарчага заканадаўства, дык прадстаўнікі АДС могуць зьняць свае кандыдатуры:
“Для нас гэта будзе лякмусавая папера, бо гэта — самыя мінімальныя патрабаваньні. Калі ўлада ня пойдзе на зьмены практыкі выкарыстаньня выбарчага заканадаўства, дык гэта азначае, што мы пакідаем за сабою права, можа, і зьняць нашых кандыдатаў за некалькі дзён да галасаваньня”.
Канкрэтная дата правядзеньня выбараў у Палату прадстаўнікоў пакуль не прызначаная. Звычайна прэзыдэнцкі ўказ зьяўляецца за тры месяцы да выбараў. На сустрэчы старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай з Аляксандрам Лукашэнкам разглядалася як магчымая дата — 28 верасьня.