Сёньня раніцай каля польскага консульства ў Горадні натоўп большы, чым звычайна.
Людзі прыйшлі па анкету на атрыманьне “карты паляка”. Большасьць цікавіцца, як правільна яе запаўняць і ці хутка яе выдаюць.
Вось сталы спадар трымае ў руках анкету. Пытаюся, дзеля чаго ён хоча атрымаць “карту паляка”.
Спадар: “У мяне там сястра, брат жывуць. Яны ўжо людзі сталыя, нямоглыя, просяць, каб прыехаў, дапамог. А каб туды паехаць, патрэбная віза, а для старэйшых людзей гэта накладна, каб яе купляць і плаціць такія грошы”.
У дзяўчыны ў руках некалькі анкетаў. Пытаюся — навошта столькі?
Дзяўчына: “Мужу, сабе й яшчэ знаёмай”.
Карэспандэнт: “А чаму вы вырашылі прыйсьці па анкету?”
Дзяўчына: “Радні шмат у Польшчы, а візу зараз атрымаць цяжка. Дый уся радня — палякі, я таксама — полька”.
Людзі нешта жвава абмяркоўваюць, пытаюцца адзін у аднаго. Аказваецца, ніхто ня можа разабрацца, як запаўняць анкету.
Да людзей выходзіць консул Ян Срока.
Срока: “Вельмі просім, каб вы цярпліва паставіліся да гэтай сытуацыі. Няма іншага варыянту: вы тэлефануеце па нумары, які пададзены ў анкеце, а мы прызначаем вам час на сустрэчу ў консульстве. І памятайце, што “карта” будзе выдавацца не адзін-два дні ці месяц: кожны, хто мае на яе права, атрымае яе раней ці пазьней”.
Консул Срока тлумачыць, што ў першую чаргу “карту” будуць выдаваць тым, каму споўнілася 70 і больш гадоў. Маладзейшым ён раіць пацярпець, падвучыць польскую мову й культуру.
Ён таксама завастрае ўвагу людзей на тым, што ўсе працэдуры, зьвязаныя з атрыманьнем “карты”, будуць праводзіцца бясплатна. Таму засьцерагае людзей ад розных пасярэднікаў, якія будуць прапаноўваць запоўніць анкеты за грошы.
Карта паляка — гэта дакумэнт, які пацьвярджае прыналежнасьць да польскай нацыі. Закон “Аб карце паляка” прыняты сэймам Рэспублікі Польшча 7 верасьня 2007 году. Валоданьне “картай паляка” дае, сярод іншага, магчымасьці атрымаць бясплатную польскую візу і працаваць у Польшчы, але не азначае наданьня польскага грамадзянства і не дае права сталага жыхарства на тэрыторыі Рэспублікі Польшча.
МЗС Беларусі выказала аклапочанасьць у зьвязку з прыняцьцём у Польшчы гэтага закону, паколькі лічыць, што ён закране інтарэсы асобных катэгорый грамадзянаў Беларусі і прыняты без папярэдніх кансультацыяў зь беларускімі ўладамі.
Беларускае МЗС ініцыявала правядзеньне незалежнай юрыдычнай экспэртызы польскага закону на адпаведнасьць яго міжнародным нормам. Да атрыманьня экспэртнага заключэньня Беларусь прапануе ўвесьці мараторый на “Карту паляка” для беларускіх грамадзянаў.