З-за недахопу лекаў у прадпрымальніка Сяргея Парсюкевіча, якога трымаюць у менскім ізалятары, пагоршыўся стан здароўя. Навіны пра беларускіх палітвязьняў.
З 4-га сакавіка знаходзіцца за кратамі ў Менску віцебскі прадпрымальнік Сяргей Парсюкевіч, якога падазраюць у зьбіваньні ахоўніка ў ізалятары на вуліцы Акрэсьціна, дзе Парсюкевіч адбываў арышт пасьля мітынгу прадпрымальнікаў. Сяргей Парсюкевіч заяўляе, што насамрэч гэта ён стаў ахвярай міліцэйскага гвалту. “Яны сфальшавалі справу, каб самім пазьбегнуць адказнасьць”, – казаў прадпрымальнік пра ахоўнікаў турмы на Акрэсьціна.
Зараз актывіст ў сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага. Паводле Натальлі Парсюкевіч, у яе мужа пачаліся праблемы са здароўем – абвастрылася астма. “Сытуацыя пагоршылася, бо яму не змаглі перадаць патрэбныя лекі – ў ізалятары іх не прынялі”, – паведаміла Натальля. Зь ліста Сяргея Парсюкевіча дамоў яна даведалася і пра тое, хто аказаўся ў сьпісе сьведак зь ліку былых сукамэрнікаў Сяргея.
“Сьледчыя не дапыталі тых, пра каго казаў Сяргей, затое ў сьведкі патрапіў нейкі чалавек, які ўвесь час ляжаў у камэры, нічога ня бачыў, падымаўся толькі, каб паесьці”.
Справа Сяргея Парсюкевіча расьсьледаваная, але ў суд яшчэ не патрапіла, яе вывучае пракуратура, паведаміла адвакат прадпрымальніка Вера Страмкоўская.
А вось справу дэмакратычнага актывіста Андрэя Кіма ўжо праз чатыры дні, 1-га красавіка, пачне разглядаць суд Цэнтральнага раёну Менска. Маці актывіста Тацяна Кім спадзяецца на справядлівы прысуд, яна заяўляе пра невінаватасьць сына. Паводле яе словаў, Андрэй Кім не губляе аптымізму і супакойвае сваякоў і сяброў.
“Ён піша, што ўсё ад Бога залежыць. Піша, каб я спадзявалася на лепшае, але, калі не атрымаецца, моцна не хвалявалася, бо ад суду насамрэч нічога не залежыць”.
Нагадаю, Андрэя Кіма абвінавацілі ва ўжываньні гвалту падчас мітынгу прадпрымальнікаў у канцы студзеня. Таксама яму выставілі яшчэ адно абвінавачаньне – арганізацыя хуліганскіх дзеяньняў—за мітынг 10-га студзеня. Андрэю Кіму пагражае некалькі гадоў няволі.
Працягваецца эстафэтная галадоўка за вызваленьне былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна. У галадоўцы, якая пачалася 10-га сакавіка, зараз бяруць удзел некалькі актывістаў: Сяргей і Аляксандр Скрабцы, Алег і Вячаслаў Алкаевы, Сяргей Галаганюк, Ігар Рынкевіч, Міхаіл Васільеў, Таісія Кабанчук ды іншыя. Дзяржаўныя мэдыі замоўчваюць факт галадоўкі, ніяк не рэагуюць на яе і афіцыйныя асобы. Аляксандр Казулін знаходзіцца за кратамі ўжо болей за два года.