А.Макарэвіч: “Падабед сказаў: бярыце гэтых “мразей”

Госьця “Начной Свабоды” – Алена Макарэвіч, удзельніца акцыі адзначэньня 90-х угодкаў абвяшчэньня незалежнасьці БНР. Ёй 17 гадоў, яна вучыцца ў 11-й клясе 199 сярэдняй школы Менску.

Караткевіч: Алена, паведамляецца, што вас двойчы зьбівалі. Раскажыце пра гэты інцыдэнт.

Макарэвіч: Мяне зьбівалі падчас прабіваньня кардону. Мы са Зьмітром Дашкевічам і Артурам Фінькевічам спрабавалі ўсё ж такі перасячы трамвайныя каляіны каля "Вячэрняга Менску", але нам гэтага не ўдалося, таму што нас пачалі зьбіваць вельмі моцна, Дашкевічу расьсеклі твар, Фінькевічу – вока. Мяне амапаўцы білі па целе, па нагах, таму ў мяне на твары няма ніякіх відавочных сьлядоў, што мяне зьбівалі...

Я магу сказаць адно: калі мы стаялі, быў загад ад Падабеда, ён побач стаяў: "Бярыце вось гэтых "мразей", маючы на ўвазе нас траіх. І нас забралі. Мы яго бачылі, ён менавіта нам у твар, пальцам тыкаючы, гэта сказаў. Мы зразумелі, што ў яго сьпіс нейкі ёсьць, каго затрымліваць, каго не затрымліваць. Паводле прысудаў, якія атрымалі нашыя хлопцы (па 15 сутак арышту) мы зразумелі, што ў іх быў сьпіс, таму што астатнім, больш-менш невядомым людзям давалі штрафы.

Караткевіч: Вас аштрафавалі?

Макарэвіч: Я лічуся непаўналетняй, на мяне завялі пратакол, і а палове на першую мяне ўжо адпусьцілі.

Караткевіч: Алена, у вас такі бадзёры голас... Нейкая энэргетыка засталася ў вас ад гэтай акцыі?

Макарэвіч: Не засталося, шчыра кажу. Мы проста такога не чакалі. Мы абмяркоўвалі гэтую акцыю, і Артур Фінькевіч сказаў, што такога з 2004 году ня памятае наагул... Мы спадзяваліся на нейкую лібэралізацыю, і гэта было так нечакана, што ніякіх уражаньняў проста не засталося... Толькі нейкі шок.

Караткевіч: А калі і як вы пайшлі на акцыю пратэсту?

Макарэвіч: На выбары ў 2006 годзе, потым я прыйшла ў "Малады фронт", і да сёньняшняга часу мы змагаемся...

Слухач: Да падзеяў 25 сакавіка. Трэба праводзіць мерапрыемствы там, дзе даюць дазвол менскія ўлады. 26-га ў 6.10 ваш карэспандэнт паведаміў: у ізалятар зьмясьцілі 30 чалавек, зь іх 9 вызвалілі, бо яны непаўналетнія. Зноў зацягнулі дзяцей у палітычныя гульні. Уладзімер, Мазыр.

Караткевіч: Алена, як бы вы гэта пракамэнтавалі?

Макарэвіч: Ведаеце, на Эўрапейскі марш мы таксама не пайшлі па дазволеным маршруце, таму што мы лічым гэта ганебным, калі шчыра, як маладафронтаўка я кажу... Мы сёньня абмяркоўвалі "Чарнобыльскі шлях", які будзе, і калі таксама будзе такі маршрут ад Акадэміі навук да Бангалору, то мы можа туды нават і ня пойдзем, бо гэта ганебна, я лічу, што нас ужо выпіхнулі на Бангалор, і ўсе гэтаму падпарадкаваліся, наша апазыцыя.

Караткевіч: Алена, а калі вам споўніцца 18 гадоў? Тады вас і пасадзіць змогуць...

Макарэвіч: Ну так, але што рабіць...

Караткевіч: Гэта будзе ўжо пасьля галоўных палітычных падзей, ці можа супасьці?

Макарэвіч: Гэта будзе ўлетку.

Караткевіч: Вы 2 гады ўваходзіце ў "Малады фронт". Чаму вы выбралі менавіта гэтую арганізацыю?

Макарэвіч: Я лічу, што гэта адзіная арганізацыя, якая здолее нешта вырашаць яшчэ. Ёй ужо 11 год, і яна на Божым падмурку... У новых арганізацый няма на гэта Божага дабраславенства... Я лічу, што гэта арганізацыя ўжо сталася, калі ёй 11 год, значыць, яна ў правільным кірунку ідзе...

Караткевіч: Калі вы выходзіце на акцыю, вы натуральна хочаце нейкіх перамен. Вось што б вы хацелі зьмяніць, што вам канкрэтна не падабаецца ў цяперашняй сытуацыі?

Макарэвіч: У мяне столькі абурэньня на ўсё: і на наш народ, што ён такі безгаловы, шчыра вам скажу, на ўладу – бязбожнікі, разумееце, што тут можна сказаць... Калі ён кажа пра нейкія перамовы з Эўропай, а потым такое робіць... Мне хацелася б, каб кожны чалавек у сэрцы ўсьвядоміў сябе беларусам, і толькі тады прачнецца прабуджэньне народа.

Апытаньне: якіх перамен вы б хацелі ў жыцьці?



Караткевіч: Як вам гэтыя выказваньні?

Макарэвіч: Калі я пачула камэнтар наконт Савецкага саюзу, мне проста жудасна стала проста... Ня ведаю.

Караткевіч: Як у школе ставяцца да вашай дзейнасьці настаўнікі?

Макарэвіч: Учора дырэктар паабяцаў мяне выгнаць са школы. Гэта ўжо я ня ведаю які раз. Мне сказалі, што ўсё, забірай дакумэнты і ідзі куды хочаш. Маўляў, мяне не дапускаюць да іспытаў. Ну, мы яшчэ будзем размаўляць, пакуль яшчэ вакацыі ідуць.

Караткевіч: Вы добра вучыцеся?

Макарэвіч: Як вам сказаць... У некаторых настаўнікаў ёсьць прэтэнзіі.

Караткевіч: А аднаклясьнікі падтрымліваюць?

Макарэвіч: Ведаеце, яны мяне так усё падколваюць, а потым гляджу – адзін пайшоў на мітынг, другі, трэці, чацьвёрты – ходзяць...

Караткевіч: А БРСМ у вашай школе актыўны?

Макарэвіч: У нас 99%, пачынаючы зь пятай клясы, усе ў БРСМ. У 11-й клясе ідуць амаль пад прымусам, бо баяцца не паступіць і г.д. Я сказала прынцыпова, што я ня буду туды ўступаць, і мяне туды не запісвалі.

Караткевіч: Як бацькі рэагуюць на тое, што вы на мітынгу і вас могуць пасадзіць у аўтазак, зьбіць?

Макарэвіч: Бацька мой добра рэагуе, але маці пасьля лістоў КДБ да яе на працу, пасьля таго як яе зьніжаюць паводле пасады, яна ня вельмі добра на гэта рэагуе – яна просіць, каб мне споўнілася 18 год і каб адказнасьць зь яе зьнялі, каб не было ніякіх праблем.

Караткевіч: Вы пратэстантка?

Макарэвіч: Так. Дарэчы, мяне таксама ў школе прэсуюць наконт гэтага. Кожны дзень у мяне размова з дырэктарам, ён спрабуе ў мяне нешта даведацца наконт майго пастара і маёй царквы, але я нічога не кажу, і тады ён плямамі пакрываецца...

Караткевіч: Вось у такой юнай дзяўчыны – які быў шлях да пратэстантызму?

Макарэвіч: Я прыйшла ў "Малады фронт", пазнаёмілася са Зьмітром Дашкевічам і, пабачыўшы прыклад ягонага жыцьця, пайшла разам зь ім і там засталася, бо ўбачыла, што гэта менавіта маё. Можа, кагосьці вабіць праваслаўная царква, кагосьці касьцёл, а для мяне менавіта пратэстанцкая царква зьяўляецца такой сям'ёй...

Караткевіч: Алена, хто для вас эталён беларускага палітыка?

Макарэвіч: Я ня буду пераходзіць на асобы – мне здаецца, што гэта павінен быць вернік, прытрымлівацца божых законаў... Калі Дашкевічу выносілі прысуд па крымінальнай справе, яму далі апошняе слова, і ён сказаў: "Калі чалавечыя законы супрацьстаяць Божым, то трэба прытрымлівацца Божых законаў...” Вось, мне здаецца, такі дэвіз павінен быць у палітыка.

Караткевіч: Што б вы перадалі людзям, якія сёньня вас слухаюць?

Макарэвіч: Я пажадала б ім веры і надзеі, і каб яны не баяліся выходзіць, бо хто, калі ня мы? Каб не казалі, што вера засталася ў адной моладзі, што выходзяць адны дзеці, што гэта нейкія правакацыі... Ад усяго сэрца жадаю надзеі і веры ў нашую лепшую будучыню.