У жніўні сёлета Кітай будзе гаспадаром 29-х летніх Алімпійскіх Гульняў. Для краіны гэта вялікае сьвята, падстава для радасьці і гонару, нагода каб паказаць сьвету сваю шматвяковую культуру, сучаснае адраджэньне велічы краіны і любоў кітайцаў да спорту. Аднак падрыхтоўка да Алімпіяды азмрочаная крывавымі падзеямі ў Тыбэце і заклікамі да байкоту Алімпіяды. Па-мойму, гэтыя заклікі пустыя і бясплённыя бы бзычэньне камара ля вуха слана. Яны разьлічаныя хутчэй на самазаспакаеньне дакору сумленьня тых, хто дазволіў Кітаю арганізаваць Алімпіяду.
Міжнародная супольнасьць абмяжоўваецца сымбалічнымі пратэстамі, але ...рыхтуецца да ўдзелу ў Гульнях. Урады інтэнсіўна думаюць – як адрэагаваць на крывавае здушэньне чарговага паўстаньня ў Тыбэце, ехаць ці ня ехаць у Пэкін, але адначасова выкручваюцца – як бы не ўгнявіць магутнага эканамічнага партнэра. Некаторыя лідэры прапануюць адмовіцца ад удзелу хаця-б у самой цырымоніі адкрыцьця Алімпіяды. Перад дылемай стаяць спартоўцы міжвольна ўцягнутыя ў палеміку, якая ставіць пад сумнеў сэнс іхнага высілку і працы. Зразумела, яны супраць гвалту ў Тыбэце і наагул супраць парушэньняў правоў чалавека ва ўсім сьвеце, але ж з другога боку яны не на тое чатыры гады цяжка працавалі над формай, каб цяпер адмовіцца ад удзелу ў гэтым спартовым сьвяце з прычыны ўсяго толькі аднаўленьня старой зьявы, таго, што адбывалася і раней і пра што ўсе даўно ведаюць.
Міжнародны Алімпійскі камітэт лічыць, што Алімпіяда павінна быць апалітычнай, што гэта ўсяго толькі спартовае сьвята, але ці напэўна гэта толькі спорт? У Хартыі Міжнароднага Алімпійскага Камітэту гаворыцца, што “алімпійскі рух ставіць перад сабою мэту, каб спорт спрыяў гарманічнаму разьвіцьцю чалавека, прапагандаваў мір паміж народамі і павагу да правоў чалавека”. “Любая форма дыскрымінацыі ў дачыненьні да краіны альбо асобы з прычыны расы, веравызнаньня, палітычных поглядаў, полу, альбо якой-небудзь іншай прычыны супярэчыць прыналежнасьці да Алімпійскага руху”.
Бацька сучаснага алімпійскага руху барон П'ер дэ Кубэртэн быў выхаванкам езуіцкага Калегіюму сьвятога Ігнацыя і вельмі адухоўленым чалавекам. На яго моцна паўплывалі езуіцкія мэтады выхаваньня. Езуіты былі дасканалымі выхаваўцамі. Яны добра ведалі псыхіку моладзі і школьнаму выхаваньню надавалі форму спаборніцтва: за вышэйшыя адзнакі ў навуцы і гімнастыцы, за гонар прыслугоўваць падчас Сьвятой Імшы, а нават за лепшае месца за сталом. “Імкненьне да дасканаласьці, да пераадольваньня ўласнай слабасьці, да таго, каб быць усё разумнейшым і лепшым, гэта мэта, да якой павінен імкнуцца кожны чалавек. Спорт дапамагае ажыцьцявіць гэтыя ідэі”, – лічыў сябра Кубэртэна, дамініканец Анры дэ Дыдон ( Henri de Didon) Гэта ён больш як 100 гадоў таму на Першым Алімпійскім Кангрэсе ў Парыжы прапанаваў лёзунг “Citius, altius, fortius” (Хутчэй, вышэй, мацней”).
Кубэртэн і Дыдон бачылі ў спорце нешта большае, чым толькі спаборніцтва. Алімпійскі рух азначаў для іх унівэрсальную гуманітарную сыстэму выхаваньня з дапамогай спорту. “Пераадольваньне самога сябе дае найвялікшае шчасьце. У жыцьці важная ня толькі перамога, але барацьба. Галоўнае не перамагаць, але ўмець весьці рыцарскі бой. Гэта ідэі нашага руху”, – казаў П'ер дэ Кубэртэн. Ён хацеў, каб ідэя алімпізму была высакароднай і чыстай, каб спорт аб'ядноўваў людзей, дапамагаў пераадольваць розныя бар'еры і прадузятасьці. Абодва яны – Кубэртэн і Дыдон – лічылі, што спорт – унівэрсальная мова чалавечых адносінаў, што ён разьвівае дух братэрства і згоды, зьяўляецца адказам на гвалт у сучасным сьвеце.
Права арганізацыі Алімпійскіх гульняў Кітай атрымаў 13 ліпеня 2001 году. Ужо тады ні для кога не было сакрэтам, як Кітай паводзіць сябе ў дачыненьні да Фалунь Гун, уйгураў і тыбэтцаў. Сьвет ведаў, што камуністычны рэжым з капіталістычнай эканомікай цягам дзесяцігодзьдзяў брутальна парушае правы чалавека, абмяжоўвае свабоду слова, зьнявольвае палітычных апанэнтаў. Ні для кога не было сакрэтам, што ў Кітаі выконваецца найболей ў сьвеце сьмяротных прысудаў, што там адбываецца гандаль чалавечымі органамі. Аднак Міжнародны Алімпійскі Камітэт паверыў кітайскім уладам, што Пэкін апраўдае аказаны яму давер. МАК выказаў спадзяваньне, што алімпійская ідэя і сама Алімпіяда з павышанай увагай усяго сьвету да краіны яе праводжаньня стане аўтаматычным стымулам для дэмакратызацыі Кітаю, яго большай адкрытасьці на сьвет. Сем гадоў таму Кітай абяцаў, што сытуацыя з правамі чалавека будзе выпраўленая, што краіна зробіць усё магчымае, каб стаць вартай арганізаваць у сябе Алімпіяду.
Сёньня, чатыры месяцы да Алімпіяды вядома, што ніводнага са сваіх абяцаньняў Кітай ня выканаў.
Прымаючы рашэньне аб Алімпіядзе ў Кітаі, самі дзеячы Алімпійскага камітэту здрадзілі ідэалам Кубэртэна. Ім шкада панесеных коштаў і таго прыбытку, які яны зьбіраюцца атрымаць. Дарэчы, і мільёны заўзятараў былі б расчараваныя зрывам Алімпіяды. Усе чакаюць ад сваіх спартоўцаў як мага лепшых вынікаў і мэдалёў. Неаднойчы спартовец не спраўляецца з гэтым ціскам і патрабаваньнямі да сябе. І ён і ягоныя спонсары спрабуюць дасягнуць посьпеху любой цаною. Адсюль скандалы з допінгам, з карупцыяй. Ідэя чыстага спаборніцтва сапсаваная палітыкай і камэрцыяй. Спартовец, якога за шматмільённыя сумы перапрадаюць паміж сабою найбагацейшыя клюбы, часта гэтага не ўсьведамляючы альбо не думаючы, стаўся звычайным таварам. Зачараваны славай і бляскам мэдалю спартовец заплюшчвае вочы на тое, што ягоным потам і энтузіязмам, а таксама грашыма наіўных заўзятараў няблага кормяцца хмары чыноўнікаў, мэнэджэраў, трэнэраў і камэнтатараў. Спорт ператварыўся ў галіну эканомікі параўнальнай з абаронай і аховай здароўя.
Тыбэту зь яго анахранічнай манаска-манастырскай цывілізацыяй яўна не пашчасьціла, што амаль 60 гадоў таму ў прымусовым парадку ён быў далучаны да адной з самых магутных дзяржаваў сьвету. Нікому ў галаву не прыйдзе бамбаваць Кітай з прычыны тыбэтцаў бы некалі Югаславію заступаючыся за касавараў. Тыбэтцы на чале з Далай-Ламам ведаюць, што незалежнасьць – гэта фантазія. Яны гатовыя задаволіцца статусам грамадзян ніжэйшай катэгорыі, аўтаноміяй ў рамках Кітаю са сваім ладам жыцьця і свабодай рэлігіі, але патрабуюць прынамсі спыніць культурны генацыд і працэс дэнацыяналізацыі. Чарговыя паўстаньні з удзелам манахаў, якія ў адпаведнасьці са сваёй рэлігіяй хутчэй пойдуць са самаспаленьне, чым кінуць у каго-небудзь камень, гэта доказ таго, што гэты міралюбны народ даведзены да адчаю.
Мяркую, што адзінадушнай, міжнароднай салідарнасьці з Тыбэтам не атрымаецца, як ня цалкам атрымаўся байкот маскоўскай Алімпіяды. Цьвярозы, палітычна-эканамічны разьлік і гэтым разам возьме верх над часовым усплёскам эмоцыяў і салідарнасьці з пакрыўджанымі. Кітай паводзіць сябе нахабна, ведаючы пра гэта і усьведамляючы сваю моц. Хай сабе беларускія апазыцыянэры кажуць, што жорсткі разгон дэманстрацыі – гэта доказ слабасьці уладаў, але я лічу, што моцны ўдар зьяўляецца якраз доказам сілы. Слабасьцю былі б саступкі і гатоўнасьць да перамоваў. Праўда, жэст Стывэна Спілбэрга, які адмовіўся ад удзелу ў падрыхтоўцы грандыёзнага мэдыйнага мерапрыемства ў Пэкіне, знайшоў падтрымку з боку многіх творцаў ды інтэлектуалаў, але многія палітыкі, бізнэсоўцы і Міжнародны Алімпійскі Камітэт заплюшчаць вочы на Тыбэт. Яны – як і трэба – прымуць нейкую заяву, рэзалюцыю, выкажуць свой “супраціў”, “шкадаваньне”, “абурэньне”, але ўсё роўна, ці на адкрыцьцё ці на працяг Алімпіяды папруць у Пэкін. Брытанскі Алімпійскі камітэт наагул забараніў спартоўцам і дзеячам выказвацца на тэму правоў чалавека ў Кітаі. Хто не падпіша дэклярацыі аб маўчаньні, той не паедзе на Алімпіяду, а хто нешта пікне падчас гульняў, будзе высланы дамоў.
Вось што атрымалася з высакамоўных лёзунгаў алімпійскага руху. Карэктней было б наагул ня згадваць пра іх.