Жыткавічы: Моладзевага актывіста асудзілі на трое сутак

Актывіст моладзевай арганізацыі “Грамадзянскі форум” Аляксандар Бандзюк сёньня асуджаны на трое сутак. Пра гэта нашаму радыё паведаміў былы кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Аляксандар Мілінкевіч.

Аляксандар Мілінкевіч, які цяпер знаходзіцца ў Жыткавічах, безвынікова спрабаваў сустрэцца з Аляксандрам Бандзюком:

“Гэты хлапец дапамагаў мне ў арганізацыі сустрэчы з жыхарамі Жыткавічаў. Я зьвярнуўся ў міліцыю, каб высьветліць, за што ён арыштаваны і асуджаны, але мне адмовіліся даць інфармацыю. Супрацоўнікі міліцыі спаслаліся на тое, што я не зьяўляюся родным хлопца”.

Аляксандра Бандзюка затрымалі сёньня раніцай у Жыткавічах мясцовыя міліцыянты.

20 лютага яму патэлефанавалі з райваенкамату і запрасілі на сустрэчу. Ваенныя паведамілі, што ім трэба ўдакладніць зьвесткі пра маладога чалавека наконт прызыву. Аднак пасьля Аляксандар Бандзюк расказаў журналістам, што ў ваенкамаце яго чакаў невядомы, які сказаў, што ён прадстаўляе КДБ. Невядомы паведаміў, што ў Жыткавічах арганізацыя “Грамадзянскі форум” маларазвітая, ёй патрэбна падтрымка, асабліва легальная, і КДБ можа дапамагчы — кампутарам і грашыма. Асабіста Аляксандру гэты чалавек прапанаваў аднаўленьне ў Гомельскім унівэрсытэце, зь якога той быў выключаны ў 2006 годзе.

Аляксандар Бандзюк катэгарычна адмаўляецца ад якога-небудзь супрацоўніцтва з КДБ.