Працягваецца эстафэтная галадоўка за вызваленьне Аляксандра Казуліна і спыненьне рэпрэсій супроць іншых вязьняў. На зьмену тым, хто праз стан здароўя спыняе ўдзел ў акцыі, заступаюць новыя актывісты.
Да патрабаваньняў, зь якімі выступаюць галадоўнікі, ад 28-га сакавіка дадалося патрабаваньне спыніць рэпрэсіі супроць недзяржаўных мэдыяў і журналістаў. Былы адвакат Ігар Рынкевіч, які напярэдадні таксама ўступіў у галадоўку, тлумачыць:
“Татальны націск рэжыму на свабоду слова патрабуе салідарнасьці актывістаў партый, дэмакратычных рухаў, незалежных прафсаюзаў”.
Эстафэтную галадоўку пачалі 10 сакавіка палітыкі, браты Сяргей і Аляксандар Скрабцы. Сяргей Скрабец мае досьвед такіх акцый з тых часоў, калі знаходзіўся ў турме. Для Аляксандра Скрабца гэта першая працяглая галадоўка. Як ён пачуваецца?
“Не найлепшым чынам, калі шчыра. Сёньня 19-ты дзень, ужо з дому не выходжу. Пачаўся таксыкоз, дрэнныя адчуваньні. Я ўжо казаў пра сваё рашэньне выходзіць з галадоўкі, але пляную дацягнуць да 1 красавіка, калі пачнецца суд над Андрэем Кімам”.
Аляксандар Скрабец сказаў, што задаволены рэзанансам, які атрымала эстафэтная галадоўка ў грамадзтве і сьвеце. Палітык спаслаўся на шматлікія інтэрвію беларускім і замежным журналістам, а таксама на тое, што ў акцыю ўключаюцца новыя людзі.
У Беларусі да галадоўкі далучыліся дзясяткі актывістаў. Разам з братамі Скрабцамі зараз галадаюць Сяргей Галаганюк, Сяргей Салдаценкаў, Дар’я Зялінская, журналіст “Народнай волі” Віталь Гарбузаў, актывіст АГП Міхаіл Васільеў, Таісія Кабанчук у Бабруйску, Павал Левінаў у Віцебску. У Нямеччыне працягваюць галадоўку былы міліцыянт Алег Алкаеў і ягоны сын Вячаслаў.
Некаторыя спынілі свой удзел у галадоўцы ў сувязі са станам здароўя. Гэтак зрабілі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч, праваабаронца Людміла Гразнова, актывіст Алесь Стральцоў, маці арыштаванага актывіста Тацяна Кім. Жанчына кажа, што ў яе адкрылася язва і таму давялося выйсьці з галадоўкі:
“У мяне была язва страўніка, а цяпер яна на нэрвовай глебе адкрылася. Давялося праз два дні спыніць галадоўку”.
Сына Тацяны Кім Андрэя будуць судзіць 1 красавіка ў сувязі зь ягоным удзелам у акцыі пратэсту прадпрымальнікаў. Удзельнікі эстафэтнай галадоўкі дамагаюцца, сярод іншага, і спыненьня перасьледу Андрэя Кіма.