Удзельнічае гісторык Валянцін Мазец. Эфір 27 сакавіка 2008 году
“Гаспадзіну Старшыні Беларускага Народнага Сэкрэтарыяту.
Выбранага ад вёскі Ляшоўкі Барысаўскага павета Менскай губерні Аляксея Жаўронка
Прашэнне
Маю гонар прасіць Вас, пан Старшыня Беларускага Народнага Сэкрэтарыяту ад імя усіх сялян вёскі Ляшоўкі пахадайнічаць перад вышэйшым Нямецкім камандаваннем пра скарачэнне памера паставак хлеба, жывёлы для войска па прычыне дрэннага ўраджаю і вельмі вялікіх патрабаванняў нашага мясцовага нямецкага каменданта. Мы не можам іх выканаць. У нас і без гэтага амаль ва ўсіх сялян не хапае хлеба. Патрабаванні ж нямецкіх уладаў непамерна вялікіх паставак у армію робяць далейшае жыццё немагчымым. А таму просім, пан Старшыня, Вашага заступніцтва нашай ніжайшай просьбе не адмовіць нам у гэтым.
Прасіцель ад сялян вёскі Ляшаўкі Аляксей Жаўронак.”
”Грамадзянам вёскі Ляшоўкі Красналукскай воласці Барысаўскага павету Менскай губерні.
Просьба Ваша ад Вашага прэдстаўніка Аляксея Жаўронка ў Народным Сэкрэтарыяце БНР атрымана.
Народны Сэкрэтарыят прыме ўсе залежныя ад яго меры прэд Вышэйшымі Нямецкімі уладамі, каб найхутчэй усё было зроблено да паляпшэння палажэння Вашае вёскі”.
Лістапад 1918 году.”
Вячаслаў Ракіцкі: “Сяляне зьвярнуліся да ўлады Беларускай Народнай Рэспублікі. Тыя паабяцалі зрабіць адпаведныя захады. Ці насамрэч яны змаглі дапамагчы сялянам?”
Валянцін Мазец: “У дадзеным канкрэтным выпадку сытуацыя вырашылася станоўча. Народны Сакратарыят накіраваў зварот да Вышэйшага Германскага Камандаваньня 10-й арміі, прапанаваўшы зрабіць адпаведнае распараджэньне пра памяншэньне, па магчымасьці, рэквізыцыяў хлеба і жывёлы ў сялянаў. Акупацыйныя ўлады (а тут я хачу адзначыць, што першая нямецкая акупацыя была нашмат мякчэйшай, чым другая, фашыстоўская) убачылі, што насамрэч сяляне на мяжы выжываньня і загадалі камэнданту зьнізіць нормы”.
Ракіцкі: “Калі сяляне зьвярталіся не да нямецкіх уладаў, а да Народнага Сакратарыяту, значыць, верылі ўладам БНР, разумелі, што гэта ўсё ж улада?”
Мазец: “Сябра Рады БНР Іосіф Красоўскі ў лісьце старшыні Магілёўскай беларускай рады Міхалу Кахановічу падкрэсліў, што дзейнасьць Рады “неабходна падтрымаць на месцах, у гэтым уся сіла”. Трэба адзначыць, што пэўную падтрымку Рада БНР атрымала, і такім чынам паступова пашырала свой ўплыў на значнай тэрыторыі Беларусі. У гарадох, мястэчках на ініцыятыву беларускай мясцовай інтэлігенцыі і духавенства ўзьнікалі гарадзкія і павятовыя беларускія рады. Пастановы аб прызнаньні Рады БНР прыходзілі з розных гарадоў і павятовых цэнтраў Беларусі – Магілёву, Бабруйску, Радашкавічаў, Барысаву, Слуцку, Нясьвіжу, Наваградку, Койданава, Рэчыцы. Газэта "Гоман" 12 красавiка 1918 году паведамляла: "Зь Менску паказваюць, што весьцi аб прызнаньнi Народнага Сакратарыяту прыходзяць амаль штогадзiну".
Ракіцкі: “Якія інтарэсы людзей найперш бараніў урад БНР? Наколькі было магчыма гэта зрабіць ва ўмовах акупацыі?”
Грамадзянін БНР, калі выяжджаў зь Беларусі, мог свабодна пераехаць мяжу
Ракіцкі: “Якім чынам Рада БНР пашырала свой уплыў сярод насельніцтва на тэрыторыі Беларусі?”
Мазец: “Яна пашырала свой уплыў дзякуючы ўтварэньню мясцовых радаў. Дзеля гэтага быў выдадзены спэцыяльны наказ пра неабходнасьць разгортваньня шырокай культурна-асьветніцкай дзейнасьці. Зрэшты, ва ўмовах акупацыі толькі культурна-асьветніцкая дзейнасьць была рэальна магчымай”.
Ракіцкі: “Па-сутнасьці, двоеўладзьдзе... А каму людзі больш верылі – уладам БНР ці акупацыйным уладам?”
Мазец: “Акупацыйных уладаў яны баяліся. А ў асобе Народнага Сакратарыяту сяляне бачылі абаронцу ад гвалту з боку акупацыйных уладаў. Сьведчаньнем гэтага зьяўляюцца скаргі на дзеяньні акупацыйных уладаў. Яны паступалі ў Народны Сакратарыят ад сялянаў вёсак з усёй Беларусі. І хадакі ішлі ў Менск, нават зь Віленскай губэрні. Народны Сакратарыят разглядаў скаргі, якія паступалі, і ў сваю чаргу накіроўваў звароты да акупацыйных уладаў. Так, 14 ліпеня 1918 году сяляне вёскі Крамянец Хаценчыцкай воласьці Вялейскага павету Віленскай губэрні зьвярнуліся да Народнага Сакратарыяту з просьбай дапамагчы ў справе атрыманьня лесу на адбудову пагарэлых хатаў. Пасьля звароту Народнага Сакратарыяту да прадстаўнікоў акупацыйных уладаў Зямельны Аддзел Рады Сялянскіх Дэпутатаў Хаценчыцкай воласьці 22 ліпеня 1918 году такі дазвол атрымаў. У лістападзе 1918 году ўрад БНР праводзіць рэгістрацыю беспрацоўных. Паводле выяўленых у архіве звестак, было зарэгістравана 156 чалавек».
Ракіцкі: “Мо ўрад БНР меў канкрэтную сацыяльную праграму?”
Мазец: “Сапраўды. Народны Сакратарыят хацеў стварыць сацыяльна арыентаваную прававую дзяржаву”.
Ракіцкі: “Наколькі магчымым было для ўладаў БНР адстойваць інтарэсы народу?”
Народны Сакратарыят хацеў стварыць сацыяльна арыентаваную прававую дзяржаву
Ракіцкі: “Нямеччына не зьбіралася прызнаваць БНР. Дык у якую гульню тады яна гуляла, у плашчыне той размовы, якую мы вядзем?”
Мазец: “Немцы найперш дбалі пра свае геапалітычныя інтарэсы. А гэты інтарэс заключаўся ў тым, каб з тэрыторыі, якую яны занялі, атрымаць як мага больш матэрыяльнай карысьці. Другі момант – немцы не хацелі, каб на акупаванай імі тэрыторыі ўзьнікла нейкае нацыянальнае дзяржаўнае ўтварэньне, супраць якога пачала б вайну бальшавіцкая Расея. У такім выпадку ім давялося б весьці вайну на два франты. І яшчэ. На словах падтрымліваючы нацыянальныя рухі, яны не хацелі тут абвастраць сытуацыю, каб не прывесьці да паўстаньня, узброенага выбуху. Прасьцей было зрабіць выгляд, што не заўважаеш створаную тут структуру, якая заяўляе пра свае паўнамоцтвы. Тым болей, што яна ня мае войска, а значыць, ня можа цябе прагнаць”.
Ракіцкі: “Які шчасьлівы зьбег абставінаў гарантаваў бы захаваньне абвешчанай БНР?”
Мазец: “Такім шчасьлівым зьбегам абставінаў магла быць, па-першае, падтрымка БНР з боку Англіі, Францыі і ЗША, якую атрымалі ў прыватнасьці Польшча, Эстонія і Латвія, якія змаглі аж да пачатку другой усясьветнай вайны захаваць абвешчаную дзяржаўнасьць. Па-другое, узровень самасьвядомасьці беларускага народу павінен быў быць дастаткова высокім для таго, каб стварыць уласнае войска і са зброяй у руках бараніць сваю дзяржаўную незалежнасьць. Але ў тых умовах значная частка тых, хто мог скласьці ядро таго войска, больш за 600 тысяч беларусаў, апынуліся па-за межамі Беларусі – на паўночна-заходнім фронце, у Фінляндыі. Дарэчы, ёсьць цікавы факт, што ў час скліканьня Ўсебеларускага зьезду салдаты-беларусы прыслалі зь Фінляндыі 28 рублёў на будаваньне беларускай дзяржавы. У той час гэта былі немалыя грошы. Да таго ж гэта мела і сымбалічнае значэньне. Па-другое, на румынскім фронце каля 100 тысяч беларусаў, ужо згуртаваныя, гатовыя былі прыйсьці на тэрыторыю Беларусі і са зброяй у руках бараніць інтарэсы свайго народу. Але ні нямецкія ўлады, ні аўстра-вугорскія не прапусьцілі беларусаў праз свае лініі фронту на Беларусь”.
Ракіцкі: “Вы сказалі, што шчасьлівым зьбегам абставінаў магла б стаць падтрымка БНР з боку Англіі, Францыі, ЗША. А што было б, калі б сапраўды яны прызналі БНР?”
Мазец: “Было б тое самае, што было з Эстоніяй ці з Латвіяй. Беларусы маглі б спакойна будаваць сваю дзяржаву пры падтрымцы тых краінаў. А ў савецкай Расеі, безумоўна, на той час не хапіла б рэсурсаў весьці ваенныя дзеяньні. Натуральна, яны маглі б зрабіць з савецкай тэрыторыі такі паход да Менску, але беларускае войска, калі б яно было створанае, пры дапамозе Антанты магло б расейцаў і перамагчы. Дарэчы, такі ж нешчасьлівы лёс напаткаў і Украіну”.
Ракіцкі: “А чаму Антанта падтрымала Польшчу, Эстонію, Латвію, а не падтрымала Беларусь і Ўкраіну?”
Мазец: “Зноў жа з прычыны геапалітычных інтарэсаў. Краіны Балтыі, а потым і Польшча складалі своеасаблівы санітарны кардон на мяжы з савецкай Расеяй. Па-другое, тыя ж самыя Англія, Францыя і ЗША мала што ведалі пра Беларусь ці Ўкраіну. Ім яны былі проста нецікавыя”.