Як паведамілі “Свабодзе” ў амэрыканскай амбасадзе ў Менску, выдача візаў грамадзянам Беларусі будзе адноўленая 1 красавіка. Але паколькі ў сувязі з патрабаваньнямі беларускага МЗС была скарочаная колькасьць працуючых у Менску консулаў -- з двух да аднаго,-- то адпаведна будзе скарочаная колькасьць прынятых заявак.
Выдача візаў у амэрыканскім пасольстве і разгляд новых заявак былі прыпыненыя 19 сакавіка. Гэта было выклікана патрабаваньнямі беларускага МЗС аб скарачэньні штату пасольства ЗША ў Менску.
Пад ціскам беларускіх уладаў тэрыторыю Беларусі цягам мінулай серады і чацьвярга пакінула амаль палова супрацоўнікаў пасольства ЗША. На гэты момант там працуе 17 дыпляматаў, столькі ж, колькі ў беларускім пасольстве ў Вашынгтоне.