Прэсінг незалежных журналістаў і недзяржаўных мас-мэдыяў, які пачаўся шмат у якіх рэгіёнах краіны, многія дэмакратычныя актывісты зьвязваюць з тым, як недзяржаўныя СМІ асьвятлялі разгон мірнага шэсьця
Аблава на СМІ — прыдумка лорда-піяршчыка?
Зьбіты ў Дзень Волі актывіст руху “Правы альянс” Юрась Карэтнікаў пераведзены са шпіталю на лекаваньне ў паліклініку, куды ён ходзіць на перавязкі — 25 сакавіка спэцназаўцы расьсеклі яму галаву. Ён перакананы: падзеі апошніх дзён непасрэдна паміж сабой зьвязаныя:
“У пэўным сэнсе гэта і рэха тых падзеяў таксама. Бо была ж інфармацыя, што міждзяржаўная кампанія “Мір” не перадавала сюжэты. І тое, што змаглі зрабіць незалежныя журналісты, непасрэдна супрацоўнікі радыёстанцый, каналу “БелСат”, тая інфармацыя ўсё ж змагла дайсьці ня толькі да беларускага слухача, але і да замежжа. І вось тое рэха падзеяў 25-га я непасрэдна зьвязваю зь сёньняшняй атакай супраць незалежных журналістаў. Але трэба разглядаць праблему шырэй. Падзеі, якія адбываюцца сёньня, —гэта, магчыма, пэўны стратэгічны плян адной зь сілавых груповак, якая плянуе зьнішчыць парасткі таго дыялёгу з Эўразьвязам, якія мы маглі назіраць апошнім часам. А магчыма, гэта ўжо нейкі праект гэтага лорда-піяршчыка. Цяжка нешта адназначна вызначыць, але тое, што гэта зьвязана з 25-м, то пэўна што так”.
Актывістка “Маладога фронту” Наста Палажанка таксама не сумняецца, што сёньняшнія ператрусы ў офісах недзяржаўных мас-мэдыяў і на кватэрах іх супрацоўнікаў — зьвёны аднаго ланцуга, які пачынаецца ад 25 сакавіка:
“Так, безумоўна, я ўпэўненая, што падзеі гэтыя зьвязаныя. І гэта сьведчыць, што так званая дэмакратызацыя і лібэралізацыя скончылася. Зараз улада паказвае, хто ёсьць хто, тым самым адыходзячы ад магчымасьці любых перамоваў. Але я думаю, што мы таксама дамо ўладам свой годны і варты адказ. Бо, яшчэ раз кажу, гульні на гэтым скончыліся. Гэтыя ўсе падзеі: жорсткія затрыманьні 25 сакавіка, зьбіцьцё людзей, больш за сотню арыштаваных, цяпер вось гэтыя ператрусы — усё гэта сьведчыць на тое, што гульня ў правільную палітычную дыскусію на тым і скончылася. І зараз дыктатура паказвае сваё сапраўднае аблічча”.
Кіраўнік суполкі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Партызанскага раёну Менску Алег Корбан лічыць, што журналістаў намагаюцца запалохаць, каб тыя самі адышлі ад справы:
“Я якраз лічу такую акцыю з боку спэцслужбаў, у прыватнасьці КДБ, працягам ціску на незалежных журналістаў, якія самым найлепшым чынам асьвятлілі падзеі 25 сакавіка — у адрозьненьне ад расейскіх тэлеканалаў і нашага дзяржаўнага тэлебачаньня. Намагаюцца хоць бы скараціць прысутнасьць незалежных выданьняў у інфармацыйнай прасторы. Бо калі зараз адбываюцца нейкія допыты, то сярод тых, хто працаваў, прыкладам, на “БелСат”, некаторыя могуць папросту пад такім ціскам адыйсьці ад працы. Зараз ужо адбываюцца ператрусы на офісах арганізацый, партый у рэгіёнах. Такі шырокі і працяглы ціск па ўсім фронце”.
Дылема журналіста: пабіты — але на волі. Цэлы — і за кратамі
Учора на 15 сутак адміністратыўнага арышту быў асуджаны карэспандэнт газэты “Наша ніва” Сямён Печанко. Ягонаму калегу, фотакарэспандэнту Андрэю Лянкевічу міліцыянты пры затрыманьні разьбілі твар, але сёньняшні суд пакінуў журналіста на волі:
“Сёньня паседжаньне цягнулася, калі не памыляюся, хвіліны тры. Мы прыйшлі — калегі, быў таксама Аляксандар Мілінкевіч. Судзьдзя запытала: ці ёсьць у мяне нейкія дапаўненьні? Я сказаў, што так. Перадусім шмат заяваў пайшло ў Міністэрства замежных справаў. Ад “World Press Photo” — арганізацыі, у якой я вучыўся: гэта самая ўплывовая арганізацыя ў сьвеце, якая займаецца фотажурналістыкай. Аўстрыйскі саюз фотажурналістаў падпісаўся пад заявай, пайшла рэакцыя з Расеі і г.д. Пасьля чаго яна сказала: працэс перапыняецца і ўсе дакумэнты накіроўваюцца назад у РАУС Савецкага раёну на дапрацоўку”.
Карэспандэнт: “То бок ня выключана, што будуць яшчэ выклікаць?”
“Я думаю, што, канечне, ня выключана. Але таксама ня выключана, што працэс проста спыняць. Зараз не зусім зразумела, што будзе далей, на чым спыніцца. Але тут ёсьць такі нюанс, што я атрымаў па носе і цяжка сказаць, ці варта ісьці самой міліцыі далей, бо ў гэтым выпадку відавочна — атрымаў па носе я ад міліцыі. Для іх гэта непрыемная і досыць цяжкая сытуацыя”.
Учора судзьдзя Алена Лапцева запатрабавала, каб Лянкевіч прадставіў дакумэнты, што “Наша Ніва” — зарэгістраванае выданьне. Цяпер, жартуюць журналісты, з сабой давядзецца насіць цэлы стос папераў, якія пацьвярджаюць легальнасьць.