Яе ініцыятары, актывісты нямецкай філіі “Amnesty International”, заклікалі суайчыньнікаў пералічваць па адным эўрацэнце на рахунак беларускай амбасады ў Нямеччыне з пазнакай “Свабоду Казуліну!”.
У чым сэнс акцыі? Пра гэта мы гутарым з адным зь яе ўдзельнікаў — Бэрнтам Шульцэ.
Паводле маладога бэрлінца, пра лёс беларускага палітвязьня Аляксандра Казуліна ведаюць нямала немцаў, як сярод праваабаронцаў, так і сярод палітыкаў.
“На мінулым тыдні прадстаўнікі “Міжнароднай Амністыі” заклікалі нямецкіх парлямэнтароў напісаць ліст да беларускага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі з патрабаваньнем вызваліць гэтага палітвязьня. І гэты заклік падтрымалі 17 дэпутатаў Бундэстагу. Карацей, імя гэтага чалавека з кожным разам становіцца ўсё болей вядомым. І гэта наша мэта”, — кажа Бэрнт Шульцэ.
Што да акцыі з эўрацэнтам, то, паводле суразмоўцы “Свабоды”, яе падтрымалі ня толькі праваабаронцы ды палітыкі, але і прадстаўнікі студэнцкай моладзі, царкоўных арганізацыяў. Так, некаторыя нямецкія пастары на велікодных багаслужбах маліліся разам зь вернікамі за гэтага беларускага палітзьняволенага.
Бэрнт Шульцэ хоча, аднак, каб яго зразумелі правільна:
“Мы ня хочам фінансаваць беларускі рэжым”, — кажа ён. — “Нават калі нас падтрымае тысяча чалавек, амбасада атрымае ўсяго толькі 10 эўра. Наша мэта — каб як мага болей немцаў, пераводзячы свой цэнт, напісалі ўсяго толькі па два словы — “Свабода Казуліну!”, — і каб на рахунку беларускай амбасады зьявіліся сотні запісаў з гэтымі словамі. Мы хочам, каб беларускія ўлады ведалі, што ў Нямеччыне памятаюць пра лёс беларускіх палітзьняволеных. У параўнаньні з традыцыйнымі патрабаваньнямі аб вызваленьні палітвязьняў праз пошту ці факс гэтая акцыя, зразумела, больш незвычайная”.
Як сьведчыць Бэрнт Шульцэ, акцыя “Эўрацэнт у падтрымку Казуліна” будзе праходзіць да пятніцы ўключна. У суботу стане вядомай колькасьць яе ўдзельнікаў.
Паводле Бэрнта Шульцэ, ёсьць людзі, якія ставяцца да гэтай ініцыятывы скептычна і нават цынічна. Яны кажуць: “Усё роўна рэжым робіць тое, што жадае”. У адказ маладыя нямецкія праваабаронцы кажуць: “Кропля камень точыць”.