У раённых судах Менску судзілі затрыманых учора ўдзельнікаў сьвяточнай акцыі да 90-х угодкаў БНР.
У судзе Савецкага раёну Менску судзілі 19 чалавек, больш за дваццаць чалавек — у судзе Заводзкага раёну, яшчэ 19 чалавек — у судзе Маскоўскага раёну. Іншых затрыманых — таксама больш за 20 чалавек — у Партызанскім судзе.
Нагадаем: 25 сакавіка спэцназаўцы і салдаты ўнутраных войскаў затрымалі пад сотню ўдзельнікаў сьвяткаваньня Дня Волі. Падчас затрыманьня былі моцна зьбітыя. Хуткая шпіталізавала трох чалавек, яшчэ дзясяткі паўтара затрыманых атрымалі мэдычную дапамогу. Мэдыкі зафіксавалі шэсьць чэрапна-мазгавых траўмаў.
Каля будынку суду Савецкага раёну Менску раніцай сабралася некалькі дзясяткаў чалавек. Менавіта ў міліцыі Савецкага раёну было найбольш затрыманых — 49 чалавек. Непаўналетніх, склаўшы на іх пратаколы, адпусьцілі.
Яшчэ двух чалавек шпіталізавала “хуткая”. Сярод іх — актывіст незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Яраслаў Грышчэня. Яму пры затрыманьні вывіхнулі плячо.
Толькі а 12-й гадзіне ў суд прывезьлі 19 затрыманых. Сваякі даведаліся, што астатніх 20 чалавек павезьлі ў суд Заводзкага раёну.
Спэцназаўцы ўтварылі жывы калідор, каб ніхто з прысутных ня мог наблізіцца да затрыманых, калі іх выводзілі з аўтобусу.
Лідэр партыі БНФ Лявон Баршчэўскі выказаў сваю думку наконт брутальнага разгону акцыі:
“Цяжка сказаць, тым ня менш, чаму і каго яны баяцца. Калі яны думаюць, што будуць штурмаваць суды, то ніхто гэтага рабіць ня будзе. Безумоўна, гэта элемэнты праяваў страху. Калі дзеяньні неадэкватныя, то гэта ад страху. Чалавек у стане страху дзейнічае неадэкватна. Гэта ж даўно вядома”.
Юры Хадыка дадаў:
“Неадэкватныя паводзіны ўладаў выклікаюць у мяне асабіста нейкае пачуцьцё спачуваньня гэтым уладам. Таму што яны так баяцца сваёй моладзі, што адгароджваюцца дзясяткамі сваіх спэцназаўцаў. Усё гэта вельмі дзіўна ў параўнаньні з гэтымі хлопчыкамі, якіх тут цяпер прывезьлі. А гэтыя ж выглядаюць бугаямі. Шкада такой улады”.
У Заводзкім, Маскоўскім і Савецкім судах першыя прысуды былі — штрафы да 30 базавых велічыняў (гэта мільён 50 тысяч рублёў). Але потым пачаліся арышты.
У Савецкім судзе на 10 сутак арыштавалі Алеся Панфілава, гэтулькі ж атрымаў Яўген Афнагель. Карэспандэнта “Нашай Нівы” Сямёна Печанка ў судзе Маскоўскага раёну арыштавалі на 15 сутак. У Заводзкім судзе на 7 сутак арыштавалі Сяргея Круткіна і на 10 — Максіма Вінярскага. Астатніх, акрамя фотакарэспандэнта “Нашай Нівы” Андрэя Лянкевіча, пакаралі штрафамі ад 5 да 30 базавых велічыняў (ад 175 тысяч да мільёна 50 тысяч рублёў).
Андрэй Лянкевіч у судзе даводзіў, што рабіў фотаздымкі для сваёй газэты. Судзьдзя абвясьціла перапынак да заўтрашняга дня, а Андрэя загадала на гэты час адпусьціць.