Англяд тэлефанаваньняў за 26 сакавіка.
Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні і прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым. Аўтар лепшага званка, паведамленьня, падказкі будзе атрымліваць прыз. Пераможцу абвяшчае штонядзелі ў аглядзе тэлефанаваньняў за тыдзень. Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52 працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.
У Менску адбыліся суды над затрыманымі ўчора ўдзельнікамі вулічнай акцыі на Дзень волі. Супрацоўнікі сілавых структураў разагналі акцыю 25 сакавіка. Затрымана 88 чалавек.
Абавязкова якая б справа ні трапіла ў суд, абавязкова будзе прысуд
У той жа дзень Аляксандар Лукашэнка правёў нараду з судзьдзямі і зьвярнуў увагу на тое, што яны часам выносяць надта жорсткія прысуды. “Настаў час праяўляць больш узважаны і выбіральны падыход да ўжываньня такога віду пакараньня, як пазбаўленьне волі”, — заявіў спадар Лукашэнка.
Спадар: “Справаю гонару, годнасьці і геройства лічаць нашы судзьдзі пасадзіць чалавека. Такая выснова атрымліваецца з усіх гэтых судовых разбораў. І цяпер праходзіць паседжаньне, на якім Лукашэнка выступіў з дакладам. Абавязкова якая б справа ні трапіла ў суд, абавязкова будзе прысуд. У тым ліку і ваша радыё прыносіць весткі пра тое, што схапілі і перадалі ў суд чатырох, там судзяць дваіх, у турму пасадзілі трэцяга, да чацьвёртага ўварвалася міліцыя… Вось гэта і ёсьць парушэньне правоў чалавека. Лукашэнка казаў, што яны ў нас выконваюцца. Кім?!”.
Сёньня бальшыня тэлефанаваньняў прысьвечаная акцыі 25 сакавіка, а таксама сьвяткаваньню 90-х угодкаў абвяшчэньня незалежнасьці БНР.
Хачу сказаць прэзыдэнту: як жа ты ня любіш свой народ!
Спадарыня: “Мне вельмі шкада зьбітых людзей. Сярод іх, пэўна ж, ёсьць мае знаёмыя ці дзеці маіх сяброў. Але ўлада памыляецца, калі думае, што тэрорам можна ўсіх беларусаў прывучыць да чаркі і скваркі як найвышэйшых каштоўнасьцяў у жыцьці”.
Спадар Мікалай: “Улада дубінкамі павіншавала свой народ з 90-годзьдзем з дня абвяшчэньня нашай дзяржаўнасьці. Такога касталому даўно не было!”
Спадар, Івацэвічы: “Ведамства Навумава здольнае лавіць шпіёнаў, гвалтаваць свой народ, а вось выконваць свае прамыя абавязкі ня здольнае. Дык вось, гэтыя гвалтаўнікі павінны ведаць, што адказнасьць за такія злачынствы рана ці позна іх напаткае”.
Спадар: “Слухаю вось рэпартаж зь менскіх плошчаў. Хачу сказаць прэзыдэнту: як жа ты ня любіш свой народ!”
Ільля Копыл, Менск: “25 сакавіка стала зразумела, што пра БНР ведаюць вельмі многа людзей. Усе яны ішлі ў бок плошчы Якуба Коласа, каб мірна адзначыць гэта вялікае сьвята. Сярод іх быў і я. Толькі што вярнуўся адтуль. Але ўлада паставіла мэту сарваць сьвяткаваньне. Я толькі скажу, што спэцназаўцы выхапілі ў мяне мой бел-чырвона-белы сьцяг”.
Бел-чырвона-белы бусел-патрыёт яшчэ праляціць над прэзыдэнтурай
Пянькоўская Лідзія: “З прычыны стану здароўя я не змагла пайсьці на мітынг, але ўвесь час слухаю Радыё Свабода. Хачу адказаць на пытаньне, што для мяне БНР. БНР — гэта паходня, якая асьвятляе дарогу ў сьветлую вольную будучыню маёй краіны”.
Зіноўеў: “З Днём Волі, Беларусь! Думаю, што бел-чырвона-белы бусел-патрыёт яшчэ праляціць над прэзыдэнтурай”.
Сёньня мы атрымалі такое тэлефанаваньне:
Спадар: “Хачу зьвярнуцца да Аляксея Дзікавіцкага. За ўсю Беларусь не скажу, але ў Дарозе, Івацэвічах, Драгічыне, Кобрыне больш за 90% талерак накіравана на Hot Bird, Sirius і Amas. З-за адсутнасьці каналаў на зразумелай мове Astra непапулярная. Вы абяцалі з новага году трансьляцыю “Белсату” праз Sirius. Што новага па гэтым пытаньні вы можаце сказаць? Дзякуй”.
Адказвае кіраўнік рэдакцыі інфармацыйных праграмаў тэлекампаніі БелСат Аляксей Дзікавіцкі:
“У бліжэйшыя дні наш канал пачынае апошнюю частку перамоваў з кампаніяй, якая валодае спадарожнікам Sirius. У бліжэйшыя дні будзе дакладна вядома, ці пераходзім мы на гэты спадарожнік і калі. Наколькі я ведаю, кіраўніцтва каналу хоча захаваць трансьляцыю і на “Астры” таксама, бо шмат гледачоў прызвычаіліся да “Астры”. Інфармацыя пра рашэньне будзе на нашай інтэрнэт-старонцы і ў эфіры”.