Сёньня беларуская дыпляматыя сьвяткуе 50-ыя ўгодкі сталага прадстаўніцтва Беларусі пры ААН у Нью-Ёрку. Гэта – старэйшая замежная ўстанова краіны.
Афіцыйны прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Беларусі Андрэй Папоў перадусім падкрэсьлівае, што Беларусь – адна з краінаў-заснавальніцаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. І гэта накладае на яе асаблівыя абавязкі:
“На сучасным этапе вялікая ўвага ў дзейнасьці беларускага прадстаўніцтва пры ААН аддаецца рэалізацыі вылучанай прэзыдэнтам Беларусі на саміце 2005 году ініцыятывы па фармаваньню глябальнага партнэрства супраць рабства і гандлю людзьмі. А таксама разьвіцьці ўзаемадзеяньня зь дзіцячым фондам ААН, рэалізацыі праектаў, што накіраваныя на выхаваньне і ахову здароў’я дзяцей у Беларусі.
Асобае месца ў працы сталага прадстаўніцтва займае чарнобыльская тэматыка. Зь ініцыятывы Беларусі Генэральная асамблея рэгулярна прымае рэзалюцыі аб актывізацыі каардынацыі намаганьняў міжнароднай супольнасьці ў справе вывучэньня зьмякчэньня мінімізацыі наступстваў Чарнобылю”.
Былы намесьнікі міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў лічыць, што цяпер Беларусь не адпавядае стандартам краіны-заснавальніцы ААН:
“Мы ведаем, што за парушэньні правоў чалавека Беларусь зараз апынулася ў шэрагу краінаў, па якіх прымаюцца адмысловыя рэзалюцыі ААН. Вядома, што ў дакладах, якія рыхтуюцца адмысловымі дакладчыкамі ААН у справе свабоды мэдыяў, напрыклад, альбо судоў і судовай практыкі, Беларусь таксама не згадваецца як узор краіны. Лічыцца, што практыка тут не адпавядае стандартам ААН. Гэта азначае, што Беларусь далучылася да тых краінаў, якія ствараюць праблемы для ААН, а не дапамагаюць іх вырашаць”.
Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі зьвяртае ўвагу на тое, што Беларусь дагэтуль не дамаглася ад ААН істотнай дапамогі ў справе ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы. Гэтаму моцна перашкаджаюць дзеяньні такой уплывовай міжнароднай арганізацыі, як МАГАТЭ. Пераадолець уплыў МАГАТЭ Беларусі было б лягчэй, каб яна мела статус нясталага сябра Рады Бясьпекі ААН. Аднак і гэтага Беларусь ня можа дамагчыся, падкрэсьлівае Раман Якаўлеўскі:
“Беларусь, на маёй памяці, двойчы прэтэндавала на статус нясталага сябра Рады Бясьпекі ААН. І ў абодвух выпадках саступала – спачатку Чэхіі, а пасьля – Баўгарыі. Чаму так здарылася? З майго пункту гледжаньня, гэта таксама адлюстроўвае тую, мякка кажучы, неадназначную вонкавую палітыку, па сутнасьці палітыку самаізаляцыі афіцыйнага Менску”.