Некалькі тысяч чалавек сабраліся ў цэнтры Менску, каб адсьвяткаваць 90-годзьдзе Беларускай Народнай Рэспублікі.
Падыходы да месца плянаванага збору – плошчы Якуба Коласа – былі перакрытыя супрацоўнікамі міліцыі і АМАПаўцамі. Людзі разыходзіліся ў розныя месцы горада. Зь мінакамі, міліцыянтамі і ўдзельнікамі мітынгу гутарыла наша карэспандэнтка.
Міліцыянт (у мэгафон): “Паважаныя грамадзяне, просьба не ствараць натоўп”.
Міліцыянт: “Аўтобус №100 тут не спыняецца, мэтро таксама. У зьвязку з правядзеньнем імпрэзы”.
Карэспандэнтка: “Якой”?
Міліцыянт: “90 год Беларускай Народнай Рэспублікі. Мы таксама ў школе вучыліся...”
Карэспандэнтка: “Тады віншую”.
Спадар: “А як нам дахаты зараз дабрацца”?
Міліцыянт: “Станцыя мэтро Акадэмія навук адчыненая”.
Міліцыянт (у мэгафон): “Праход на станцыю мэтро часова зачынены. У зьвязку з правядзеньнем мерапрыемства”.
Карэспандэнтка: “Куды вы ішлі? Па сваіх справах?”
Спадарыня: “Мне трэба ў мэтро, каб дахаты дабрацца. А тут не пускаюць. А я ж не ў Менску жыву”.
Карэспандэнтка: “А дзе?”
Спадарыня: “У Калодзішчах”.
Скандаваньне: “Жыве Беларусь! Жыве Беларусь!” Жыве Беларусь!”
Карэспандэнтка: “Што вы скажаце пра тое, што бачыце?”
Спадар: “Мы ўвогуле міма ішлі. І тое, што тут пабачылі – усё перагароджанае – гэта проста слоў няма. Абсурд поўны”.
Спадар: “У мяне сусед міліцыянт, дык ён казаў, што сёньня ў Менск сабралі міліцыю з усіх вялікіх гарадоў”.
Карэспандэнтка: “Што вы думаеце пра тое, што адбываецца?”
Спадарыня: “А што тут думаць? Робіцца ўсё, каб людзі не маглі выказаць сваё меркаваньне. А нам патрэбна свабода”.
Скандаваньне: “Свабоду! Свабоду! Свабоду!”
Карэспандэнтка: “Скажыце, калі ласка, ці вы прыйшлі адмыслова?”
Юначка: “Ну, канечне. Мы тыдзень ужо ня спалі, марылі пра гэтае сьвяткаваньне. А тут – бачыце што? Ведаеце, зараз у каталікоў Вялікдзень і побач таксама Вялікдзень, Дзень Волі. І я веру, што дзень БНР будзе сьвяткавацца ўсім народам”.
Скандаваньне: “Уладу – народу, моладзі – свабоду. Уладу – народу, моладзі – свабоду. Уладу – народу, моладзі – свабоду”.
Карэспандэнтка: “Што вы скажаце пра тое, што тут адбываецца?”
Спадар: “Я думаю, што гэта ганьба для ўладаў. Яны ўсё робяць для таго, каб гэтае сьвята зацерці, яны яго не шануюць. Але прыйдзе час, калі гэтае сьвята будзе адзначаць увесь беларускі народ. Літва, Эўразьвяз гэтае сьвята адзначае. І таму мне сорамна за наш урад. Бо каб не было БНР, то не было б і БССР, тым больш цяперашняй улады. Жыве Беларусь”!
Скандаваньне: “Жыве Беларусь! Жыве Беларусь!” Жыве Беларусь!”