“Што для вас азначае Беларуская Народная Рэспубліка?” На гэтае пытаньне адказваюць жыхары Гомеля.
Спадар: “Для мяне асабіста гэта азначае, што была такая Беларуская Народная Рэспубліка. Цяпер гэта Рэспубліка Беларусь. Гэта — нашая гісторыя, і яе трэба паважаць”.
Спадарыня: “Дзевяноста гадоў таму ўтварылася рэспубліка. Я жыву ў гэтай Беларусі. Гэта — мая Радзіма, мой дом, гэта маё ўсё”.
Спадар: “Ня ведаю нічога пра БНР”.
Спадарыня: “Адна з прыступак станаўленьня беларускай дзяржаўнасьці — гэта для мяне азначае Беларуская Народная Рэспубліка”.
Спадар: “ Беларуская Народная Рэспубліка — рэспубліка, якая адстойвала свой гонар, не паддавалася ўціску іншых краін і абвясьціла сваю незалежнасьць”.
Спадар: “Народная й ёсьць народная, што тут казаць”.
Спадарыня: “Вось нашая цяперашняя рэспубліка — сапраўдная. А ў 18-м годзе — яна ж зьвязаная… з Гітлерам”.
Спадарыня: “Пра гэтую дату, прабачце, нічога ня ведаю”.
Спадарыня: “Для мяне БНР — надзея, што Беларусь стане самастойнай, што ўлады нарэшце пачнуць паважаць беларускую мову, а людзі — ведаць сваю гісторыю”.
Спадар: “Першае, што мне прыйшло на розум, — гэта білет на экзамэне па гісторыі Беларусі”.
Спадарыня: “Для мяне БНР — гэта шлях да свабоды”.
Спадар: “Беларуская Народная Рэспубліка — гэта нашая Радзіма. Мы ў ёй жывём”.
Спадарыня: “Я ня ведаю гісторыі”.
Спадар: “Спрабавалі мы, падаецца, у 19-м годзе стварыць Беларускую Народную Рэспубліку”.
Спадарыня: “ Для мяне БНР — гэта частка гісторыі беларускай. Але я лічу, што цяпер ня варта аддаваць ёй такую вялікую ўвагу. Што было, тое мінула. Варта ўзгадваць — гэта ўсё добра. Але кіравацца тым, што вось БНР… Гэта — гісторыя, яна была і яе няма”.
Спадар: “Гэта надзвычай памятная для нас дата. З таго часу, калі абвясьцілі нашую Беларускую Народную Рэспубліку, мы можам лічыць сябе роўнымі з усімі заходнімі краінамі”.