На 5 сутак адміністрацыйнага арышту асуджаны вядомы мастак, кіраўнік суполкі “Пагоня” Аляксей Марачкін.
Міліцыянты вынесьлі з майстэрні мастака шэраг ягоных твораў, а таксама транспаранты, падрыхтаваныя да Дня Волі. Сваякі Аляксея Марачкіна заяўляюць пра фальшаваньне справы міліцыяй.
Паводле зьвестак з Цэнтральнага суду Менску, Аляксея Марачкіна пачалі судзіць ужо а 9 гадзіне раніцы, як толькі суд адчыніўся. Працэс заняў усяго 10 хвілін. Судзьдзя Тацяна Паўлічэнка нават не дачакалася прыезду адвакаткі Мар’яны Сямешкі, якая мелася абараняць мастака, і асудзіла яго на 5 сутак.
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч ведае акалічнасьці справы са словаў сваякоў Аляксея Марачкіна:
“Мяркую, гэты прысуд незаконны. Зараз будзе рыхтавацца скарга ў Менскі гарадзкі суд, а таксама ў пракуратуру на дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі. Такая практыка ўжо склалася, калі судзьдзі выносяць такія пастановы і людзей прэвэнтыўна саджаюць на суткі.”
Паводле прысуду, Аляксей Марачкін пакараны за нецэнзурную лаянку на адрас міліцыянтаў. Нібыта гэта адбывалася а 22 гадзіне вечара 24 сакавіка каля Цэнтральнага райаддзелу міліцыі. Сын мастака Ігар Марачкін мяркуе, што бацька ня мог быць у гэты час каля райаддзелу, бо з майстэрні на вуліцы Старажоўскай яго адвезьлі ў турму на вуліцы Акрэсьціна. Ігар Марачкін бачыў, як бацьку садзілі ў міліцэйскі аўтамабіль.
“Яго вывелі з майстэрні, пасадзілі ва “ўазік” і павезьлі. На перакрыжаваньні спыніліся. Я зьбіраўся за імі ехаць, але яны пастаялі хвілін 5, потым разьвярнуліся і паехалі ў іншым напрамку ад райаддзелу. Мне потым там пацьвердзілі, што бацьку туды нават не прывозілі”.
Паводле Ігара Марачкіна, з бацькавай майстэрні міліцыянты вынесьлі вядомую сатырычную карціну “Лялькі” і шмат транспарантаў, лёзунгаў ды сьвяточных харугваў. Ігар Марачкін пацьвердзіў, што бацька адмыслова рыхтаваў іх да 25-га сакавіка.
“Абсалютна нармальныя лёзунгі, расьцяжкі. Пра незалежнасьць, пра мову, пра БНР і свабоду. Ніякіх абраз, нічога крымінальнага”.
Як кажа Ігар Марачкін, ягоны бацька на свае грошы набываў тканіну, фарбы і рэйкі, каб падрыхтаваць наглядную агітацыю
да Дня Волі.
Аляксея Марачкіна арыштавалі ўпершыню. У 1996 годзе падчас разгону Чарнобыльскага шляху мастак быў моцна зьбіты, атрымаў траўму вока. Як пачуваецца вязень у турме на Акрэсьціна, стане вядома заўтра, калі Аляксея Марачкіна наведае адвакат.