Незнаёмыя падтрымліваюць Скрабцоў

Сёньня да бестэрміновай галадоўкі, якую пачалі 16 дзён таму браты Сяргей і Аляксандар Скрабцы, далучыўся Вячаслаў Алкаеў — сын Алега Алкаева.

Вячаслаў Алкаеў такім чынам вырашыў ня толькі прадэманстраваць падтрымку Аляксандру Казуліну, чыйго вызваленьня дамагаюцца галадоўнікі, але і адзначыць 90-я ўгодкі Беларускай Народнай Рэспублікі.

Вячаслаў Алкаеў, як і бацька, цяпер жыве ў Нямеччыне.

“Пасьля таго як мой здымак разам з братам двойчы апублікавалі на сайце Радыё Свабода, мяне ўжо некалькі разоў спынялі незнаёмыя людзі. Яны ўдакладнялі, ці я Скрабец? А калі ўпэўніваліся, што гэта так, дык казалі: трымайцеся, мы — з вамі, рана ці позна, але мы пераможам”, — паведаміў Аляксандар Скрабец.

Да галадоўкі за вызваленьне Аляксандра Казуліна і спыненьне перасьледу іншых апазыцыянэраў далучыліся таксама намесьніца старшыні аргкамітэту дзеля стварэньня Беларускай партыі працы Тацяна Ваніна, лідэры прадпрымальніцкага руху Аляксандар Макаеў зь Менску, Віктар Гарбачоў з Барысава і Анатоль Зьмітровіч з Салігорску, сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Алесь Стральцоў ды іншыя.