Офіс кантролю за замежнымі актывамі дзяржаўнага казначэйства ЗША (OFAC) выпусьціў “Даведнік па ўласнасьці некаторых асобаў, якія ставяць пад пагрозу дэмакратычны працэс ці існаваньне дэмакратычных інстытутаў у Беларусі”.
Пра гэта паведамляе выданьне Petroleum World.
Як піша выданьне, “кіраўніцтва OFAC заклікае грамадзянаў ЗША ня мець дачыненьняў з пэўнымі кампаніямі, якія належаць ці кантралююцца названымі ў “Даведніку” юрыдычнымі асобамі”. Напрыклад, канцэрнам “Белнафтахім”. Новы “Даведнік”таксама папярэджвае суб’ектаў ЗША “ад ненаўмыснага парушэньня правілаў OFAC альбо Ўказу прэзыдэнта ЗША”.
“Ці ня ёсьць гэта адкрытым папярэджаньнем пазьбягаць бізнэсу зь Беларусьсю?” – такое пытаньне, хвалюе сёньня тых, хто зьбіраецца мець дачыненьні зь беларускімі кампаніямі.
Як лічаць экспэрты ў галіне фінансавай злачыннасьці, калі амэрыканцы “ня хочуць мець праблемаў з OFAC ці з Указам Прэзыдэнту”, яны ў мэтах “зьніжэньня рызыкі могуць правесьці паглыбленую юрыдычную праверку кожнай новай беларускай кампаніі, зь якой зьбіраюцца ладзіць бізнэс у нафтахімічнай галіне”, а таксама “паглыбленую праверку ўсіх без выключэньня юрыдычных асобаў, зарэгістраваных у Беларусі.”